Мабільная праграма “Laska” прапануе далучыцца да штодзённага духоўнага курса “Код Францішка: свабода, што здзіўляе свет”. Курс будзе даступны з 29 лістапада, першай нядзелі Адвэнту.
Удзельнікам абяцаюць, што яны атрымаюць магчымасць разважаць над духоўнасцю святога Францішка Асізскага, вучыцца адкрываць сапраўдную хрысціянскую свабоду і рыхтавацца да сустрэчы з Хрыстом у таямніцы Божага Нараджэння.
Тлумачачы, з якой нагоды праводзіцца гэты курс, аўтары кажуць: “Адвэнт – час чакання і духоўнага аднаўлення, магчымасць спыніцца сярод штодзённай мітусні і нанова адкрыць для сябе прысутнасць Бога. Аднак часта падрыхтоўка да Божага Нараджэння абмяжоўваецца знешнімі клопатамі, пакідаючы мала месца для цішыні, малітвы і асабістай сустрэчы з Хрыстом”. Аўтары прапануюць правесці гэты перыяд як сапраўднае духоўнае падарожжа, тэмай якога будзе жыццё і сведчанне Францішка Асізскага – “чалавека, які радыкальна прыняў Евангелле і знайшоў свабоду ў адмове ад усяго, што перашкаджала яму ісці за Хрыстом”.
Курс прымеркаваны да завяршэння года, прысвечанага Францішку Асізскаму, 800-годдзе з часу смерці якога адзначаецца сёлета, запрашае паглядзець на яго духоўны досвед у кантэксце сучаснага жыцця. “Яго прыклад дапамагае задумацца пра адносіны да матэрыяльных рэчаў, уласных амбіцый, іншых людзей і навакольнага свету, а таксама пра тое, дзе сёння чалавек можа знайсці сапраўдную свабоду і радасць”, – адзначаюць аўтары.
Курс будзе даступны на беларускай і рускай мовах, у тэкставым і аўдыяфармаце, што дазволіць далучыцца да яго ў зручны час. Кожны дзень будзе праходзіць у пэўным духоўным рытме: уступ, словы святога Францішка, разважанне, малітва. Духоўныя матэрыялы падрыхтаваў айцец Яўген Голуб OFMConv, сведчаннямі і асабістым досведам дзеліцца сямейная пара Алена і Валерый Шымак, аўтар нядзельных казанняў – біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.

Курс разлічаны на чатыры тэматычныя тыдні, кожны з якіх раскрывае асобны аспект францішканскай духоўнасці: першы – шлях да ўнутранай свабоды (удзельнікаў запрашаюць шчыра паглядзець на сваё духоўнае жыццё, паразважаць пра тое, як пачуць голас Бога і вызваліцца ад залежнасці ад матэрыяльных рэчаў; асаблівае месца зойме евангельскі заклік “ідзі, аднаві Мой дом”, які святы Францішак пачуў у касцёле Сан-Даміяна і які стаў пачаткам яго духоўнага перамянення), другі – радасць і прыгажосць штодзённасці (разважанні будуць прысвечаны здольнасці заўважаць Божую прысутнасць у людзях, прыродзе і звычайных жыццёвых абставінах, таксама ўдзельнікі пазнаёмяцца з паняццем “дасканалай радасці” ў духоўнасці святога Францішка і паразважаюць, як спалучаць служэнне іншым з малітвай і ўнутранай цішынёй), трэці – мудрасць дыялогу і адкрытасць на свет (гаворка пойдзе пра ўменне адрозніваць галоўнае ад другаснага, сведчыць пра веру з павагай да суразмоўцы і будаваць дыялог нават з тымі, у каго іншыя погляды, асобная ўвага будзе прысвечана сустрэчы святога Францішка з султанам – “прыкладу міралюбнасці, адвагі і адкрытасці да іншага”; таксама паразважаюць пра непаўторную годнасць кожнага чалавека ў Божых вачах), чацвёрты – Божае Нараджэнне ў штодзённым жыцці (гэты этап дапаможа задумацца, як дазволіць Хрысту нараджацца ў працы, сям’і і штодзённых чалавечых адносінах; разважанні будуць дапоўнены сведчаннем святога Максімільяна Кольбэ і духоўнымі арыенцірамі з энцыклік Папы Францішка “Laudato si’” і “Fratelli tutti”, якія паказваюць актуальнасць францішканскай духоўнасці для сучаснага свету).
Каб прайсці курс, неабходна спампаваць мабільную праграму “Laska” праз сайт https://laska.mobi/, App Store ці Google Play.





