Skip to main content

Пры гродзенскім касцёле пачынаецца курс па метадзе распазнання плоднасці

depositphotos 12485918 stock photo caring mother and babys hands5 кастрычніка ў 19.00 пры гродзенскім касцёле Найсвяцейшага Адкупіцеля (вул. Курчатава, 41) пачнецца курс па метадзе распазнання плоднасці "Сужэнская любоў без страху і кантрацэпцыі".

Курс прызначаны для сужэнцаў, каб дапамагчы лепш пазнаваць адно аднаго, а таксама для жанчын і дзяўчат, каб навучыць разумець мову свайго цела. Курс уключае сем сустрэч, кожная з якіх будзе праходзіць раз у два тыдні.

Папярэдні запіс па тэлефоне:
+375 33 655 41 90
​​​
Арганізатары курса распавядаюць пра яго так: "У сучасным свеце многія сужэнскія пары жывуць з аглядкай на страх: страх непажаданай цяжарнасці, страх неразумення, страх страты блізкасці. Але Бог паклікаў нас да любові, якая "праганяе страх" (1 Ян 4, 18). Гэты курс - магчымасць зрабіць крок насустрач свабодзе і гармоніі ў вашай сям'і, абапіраючыся на натуральныя метады планавання сям'і.

Курс дае глыбокія веды і дапамагае сужэнцам разам несці адказнасць за дар жыцця. Вы навучыцеся разумець сваё цела - распазнаваць самаадчуванне ў залежнасці ад фаз жаночага цыклу. Гэтыя веды - ключ да прыняцця сваёй жаночай прыроды як Божага дару. Нават пры паніжанай плоднасці вы зможаце планаваць цяжарнасць, а таксама адкладваць зачацце натуральным шляхам, без граху кантрацэпцыі. Даведаецеся, як бяспечна адкласці зачацце ў перыяд груднога выкормвання. Разбярэм, як беражліва і камфортна прайсці праз перыяд прэменапаўзы. Пагаворым пра мужчынскае здароўе, пра тое, як падтрымаць мужчынскую сілу і захаваць рэпрадуктыўнае здароўе мужа на доўгія гады.

У больш чым 80% пар з паніжанай плоднасцю, якія выкарыстоўвалі гэты натуральны метад, атрымалася зачаць і вынасіць дзіця. Але важнейшыя духоўныя плёны: курс дапамагае мужу лепш адчуваць і разумець жонку, а жонцы - паважаць і кахаць мужа. Дзяўчаты і жанчыны змогуць пачуць мову свайго цела, навучацца разумець і прымаць сваю жаночую прыроду, створаную Богам.

Гэта не толькі лекцыі і практыка, але і сустрэча з аднадумцамі, магчымасць задаць пытанні і атрымаць падтрымку. Няхай ваша сужэнская любоў будзе вольнай ад страху і адкрытай насустрач Жыццю!"