29 верасня, у свята святых арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала, у навагрудскай парафіі Арханёла Міхала адбудзецца абрад ускладання шкаплера.
Прыступіць да абраду могуць усе ахвотныя. Ён адбудзецца а 19-й гадзіне, яго здзейсніць пробашч парафіі кс. Юрый Жэгарын, які атрымаў на гэта благаслаўленне генеральнага настаяцеля Кангрэгацыі святога Арханёла Міхала (міхалітаў).
Шкаплер з’яўляецца выразам і сведчаннем веры, бачным знакам заступніцтва Арханёла Міхала, Князя нябесных войскаў, і даверу яму. Шкаплер складаецца з дзвюх частак у форме шчыта. Частка, якая апускаецца на плечы, азначае, што той, хто носіць шкаплер, павінен імкнуцца быць адданым Божай волі і мець вытрымку ў выпрабаваннях; частка, якая апускаецца на грудзі, – што яго сэрца павінна палымнець любоўю да Бога і бліжняга, што ён павінен імкнуцца быць вольным ад эгаізму і прывязанасці да зямных спраў і каштоўнасцяў.
Нашэнне шкаплера павінна нагадваць аб хрысціянскіх абавязках і аб тым, што Арханёл Міхал – вялікі заступнік і абаронца. Паводле вучэння Касцёла, шкаплер не з’яўляецца абярэгам або талісманам, сам факт яго нашэння не вызваляе ад знешніх і ўнутраных праблем і не гарантуе “аўтаматычнага” збаўлення, яго нашэнне дае верніку наступныя ласкі:
абарону духоўнай свабоды ў Хрысце і абарону святога Касцёла, часткай якога вернік з’яўляецца;
ласку добрай споведзі для сябе і іншых, духоўную моц у барацьбе з залежнасцямі, мудрасць, розум у распазнанні хлуслівых вучэнняў;
пакору сэрца, устрыманне, узрастанне ў веры;
энтузіязм і моц духу ў распаўсюджванні Божага Валадарства ў свеце;
збаўленне чыстцовых душаў;
атрыманне адпустаў;
ласку добрай смерці.
Умовы нашэння шкаплера:
атрымаць яго з рук прэзбітэра або дыякана па благаслаўленні генеральнага настаяцеля супольнасці міхалітаў;
пастаянна насіць яго на сабе;
маліцца штодзённым простым экзарцызмам Папы Льва ХІІІ: “Святы Арханёле Міхале! Беражы нас у змаганні! Будзь нам абаронаю супраць спакусы і пастак злога духа. Пакорна просім: няхай яго знішчыць Пан Бог, а ты, Князю войска нябеснага, магутнасцю Божай скінь у пекла сатану і іншых злых духаў, якія на згубу душ снуюць па свеце. Амэн”.
Перад ускладаннем шкаплера, каб падрыхтавацца да яго нашэння, неабходна прыступіць да споведзі і быць у стане атрымаць ласкі адпусту.
Прыступіць да абраду ўскладання шкаплера можа кожны ахвотны незалежна ад месца пражывання (штогод у Навагрудак для гэтага прыбываюць людзі з розных куткоў Беларусі); тыя, хто жыве ў несакрамэнтальнай сувязі (без шлюбу), калі яны маюць вялікае жаданне, каб Арханёл Міхал дапамог ім вырашыць гэтую праблему; дзеці – пажадана тады, калі яны разумеюць асноўныя праўды веры, найлепш пасля Першай Камуніі; уся сям’я, уключаючы ахрышчаных у Праваслаўнай Царкве.
Тым, хто зацікаўлены прыступіць да абраду, і за дадатковай інфармацыяй звяртацца па тэлефоне:
+375 44 771 99 83 – Марына





