30 жніўня ў гродзенскім касцёле Адшукання Святога Крыжа (пабернардынскі) адбудзецца св. Імша ў 35-ю гадавіну смерці кс. інфулата Міхала Арановіча, генеральнага вікарыя Гродзенскай дыяцэзіі і шматгадовага пробашча мясцовай каталіцкай супольнасці.
У савецкія часы кс. Міхал доўга быў адзіным каталіцкім святаром у Гродне. Як арханёл Міхал, ён бараніў Божую справу на працягу 59 гадоў служэння, з якіх больш за 40 прыпадае на Гродна.
Да ўдзелу ў св. Імшы за душпастыра, заслужанага не толькі для горада і дыяцэзіі, але і для ўсёй краіны, запрашаюцца ўсе вернікі і духавенства.
Пачатак св. Імшы ў 19:00.
А 18-й гадзіне адбудзецца малітва пры магіле кс. Арановіча на старых гродзенскіх могілках.
Будучы святар нарадзіўся ў 1907 г. у Рудцы на тэрыторыі сучаснай Драгічынскай дыяцэзіі ў Польшчы. У 1926 г. паступіў у духоўную семінарыю ў Вільні і адначасова вучыўся на тэалагічным факультэце Віленскага ўніверсітэта.
У 1932 г. атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне, удзеленае Мітрапалітам Віленскім арцыбіскупам Раманам Ялбжыкоўскім. Быў прызначаны вікарыем, а потым пробашчам парафіі ў Каменцы ў Шчучынскім раёне, дзе працаваў да 1938 г.
У 1939 г. быў прызначаны вайсковым капеланам і ў тым жа годзе інтэрнаваны ў Літву. У 1941 г. быў ізноў прызначаны пробашчам парафіі ў Каменцы, дзе служыў да 1948 г., калі яго прызначылі капеланам пабрыгіцкага касцёла ў Гродне для сясцёр назарэтанак. У 1950 г. улады зачынілі гэты касцёл, і кс. Арановіч са смуткам перанёс з яго Найсвяцейшы Сакрамант у пабернардынскі касцёл, куды быў прызначаны вікарыем.
У 1951 г. быў арыштаваны, да 1953 г. знаходзіўся ў ссылцы ў Кемераўскай вобласці. Вярнуўшыся ў Гродна, з 1954 г. да смерці быў пробашчам пабернардынскага касцёла і дэканам Гродзенскім. Таксама выконваў абавязкі генеральнага вікарыя Гродзенскай дыяцэзіі.
Пасля высылкі з Гродна пробашча фарнага касцёла з 1961 г. кс. Арановіч абслугоўваў і гэтую святыню, хаця б некалькі разоў у год, бо ўлады не дазвалялі рэгулярна праводзіць у ім св. Імшу. У гэты час у Гродне засталіся толькі два святары: кс. Міхал Арановіч і айцец францішканін Аркадзь Вальтас, пробашч парафіі Маці Божай Анёльскай. Калі апошні памёр, кс. Арановіч заставаўся адзіным гродзенскім святаром да прызначэння ў 1976 г. пробашчам францішканскай парафіі кс. Юзафа Трубовіча.
У 1979 г. Ян Павел II прызначыў кс. Міхала Арановіча прэлатам, у 1990 г. – інфулатам.
Святар адышоў у вечнасць 30 жніўня 1991 г., пахаваны на старых гродзенскіх могілках.





