Выдавецтва Гродзенскай дыяцэзіі прадстаўляе ўвазе вернікаў духоўна-асветніцкае выданне “Сакрамант паяднання” а. Джоша Джонсана і а. Майка Шмітца ў перакладзе на рускую мову.
“Вызнаваць свае грахі можа быць страшна і цяжка. Як мы можам пераадолець гэты страх і нават з нецярплівасцю чакаць сваёй наступнай споведзі?” – чытаем у анонсе да кнігі. Папулярныя каталіцкія святары, рэкалекцыяністы і вядучыя падкастаў склалі дапаможнік, каб наблізіць вернікам сутнасць споведзі, дапамагчы падрыхтаваць сваё сэрца да сакраманту паяднання і лепш яго перажываць.
Змест выдання складаецца з трох раздзелаў, якія разглядаюць пытанні “навошта” і “як” прыступаць да споведзі, што рабіць, калі не адчуваеш жалю за грахі, не ведаеш, з чаго спавядацца або не асмельваешся вызнаваць канкрэтны грэх і г. д. У кнізе таксама прапануюцца тэксты рахунку сумлення, складзенага на аснове сямі смяротных грахоў, і Акту жалю за грахі. “Мы спадзяёмся і молімся аб тым, што вы суцешыце Сэрца Езуса, прымаючы дар сакраманту паяднання, каб маглі прабываць з Ім у эўхарыстычнай прысутнасці на зямлі і раздзяляць Яго перамогу ў Валадарстве Нябесным на векі вечныя”, – адзначаюць на заканчэнне аўтары.
Кніга можа зацікавіць як тых, хто ўпершыню прыступае да споведзі, так і тых, хто хацеў бы лепш зразумець гэты сакрамант і ў большай меры адкрыцца на ласкі, якія з яго вынікаюць.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі





