25 ліпеня ў касцёле Маці Божай Тройчы Цудоўнай у Мастах пройдуць рэкалекцыі "Вяртанне да сябе", якія правядзе пробашч мастоўскай парафіі кс. Віктар Ханько.
"Нядаўна мне падарылі кнігу Эдыт Евы Эгер "Дар", - кажа ксёндз Віктар. - І, прачытаўшы яе, я шмат убачыў і ў сабе, а таксама са свайго досведу і практыкі, убачыў, як шмат у нас унутраных турмаў. Аўтар кнігі пражыла цяжкае жыццё, у час Другой сусветнай вайны доўга знаходзілася ў Аўшвіцы. Яна піша: "Абапіраючыся на свой доўгі досвед, я павінна заявіць, што самай страшнай турмой была не тая, у якую мяне адправілі нацысты. Страшнейшую турму я выбудавала для сябе сама. Я кажу гэта вам і як псіхолаг, і як маці, бабуля і прабабуля, і як чалавек, які прывык сачыць за ўласнымі паводзінамі, і як спецыяліст, які ўмее аналізаваць паводзіны іншых людзей, і, нарэшце, як тая, якая выжыла пасля Аўшвіца".
Сыходзячы са свайго досведу, я таксама магу сказаць, як цяжка данесці людзям праўду, якая ёсць у Бібліі, Касцёле. Праўду пра Бога, свабоду, якую прынёс Хрыстус. Здаецца, кажаш простымі словамі, але людзі як быццам не чуюць. І нейкую прычыну гэтага я знаходжу ў мысленні чалавека, яго ўнутраных турмах, якія ён сам пабудаваў, знаходзячыся ў цяжкіх жыццёвых абставінах - траўмах, стрэсах, пакутах, болю.
І вось пра іх мы пагаворым. Паспрабуем даведацца, хто мы на самой справе. Важна не тое, якім быў наш досвед, а тое, як мы да яго паставімся і як ім распарадзімся. Калі адчыняюцца дзверы нашых унутраных турмаў і мы вызваляемся, мы не толькі свабодныя ад таго, што нас там утрымлівала, але і свабодныя цяпер праяўляць уласную волю. Незалежна ад таго, наколькі вялікія нашы пакуты ці наколькі моцныя турэмныя сцены, вызваліцца магчыма ад усяго, што нас утрымлівае. Зрабіць гэта не так проста, але трэба. Гэта як Пан вывеў габрэйскі народ з Егіпта. Не галоўным было выйсці з той турмы, дзе яны былі так доўга; важнай задачай для Пана было змяніць іх рабскае мысленне".
Праграма рэкалекцый:
10.30 - канферэнцыя
12.30 - канферэнцыя
13.30 - абед
15.00 - Вяночак да Божай Міласэрнасці, канферэнцыя
17.00 - святая Імша, адарацыя з малітвай
Абавязковы запіс па тэлефоне:
+375 29 586 39 16 - ксёндз Віктар





