Skip to main content

З Навагрудка вырушыць пілігрымка для ўшанавання св. Антонія Падуанскага

sv antoniy paduanskiy s mladencem iisusom hristom dzhakomo farelli

13 чэрвеня адбудзецца пілігрымка ад навагрудскага касцёла св. Арханёла Міхала да адной з найбольш значных святыняў Навагрудчыны – старадаўняй драўлянай капліцы св. Антонія Падуанскага ў вёсцы Мількавічы. У гэты дзень адзначаецца ўспамін св. Антонія Падуанскага.

Пешая пілігрымка выйдзе ад навагрудскага касцёла ў 9.00, перад выхадам будуць кароткая малітва і благаслаўленне пілігрымаў. “У гэты невялікі сямікіламетровы шлях запрашаюцца вернікі з усёй Беларусі, каб у малітве прайсці маляўнічымі ваколіцамі навагрудскага краю, адчуць дух еднасці і сапраўднай жывой веры. Старадаўняя драўляная капліца прыцягвае сваёй прастатой і асаблівым малітоўным духам”, – адзначаюць арганізатары.

У 11.30 адбудзецца ад’езд аўтобуса ад навагрудскага касцёла – па словах арганізатараў, “для тых, хто па стане здароўя ці іншых прычынах не можа далучыцца да пешага шляху, але прагне быць на святой Імшы”.

У 12.30 у капліцы ў Мількавічах адбудзецца ўрачыстая Імша, на якой будзе магчымасць памаліцца праз заступніцтва святога Антонія ў асабістых просьбах, папрасіць благаслаўлення для сваіх сем’яў і ўсёй Беларусі.

Арганізатары кажуць: “Шчыра запрашаем далучыцца да гэтай падзеі вернікаў з усіх куткоў Беларусі. Няхай гэты дзень стане для нас часам духоўнага абнаўлення, братэрскіх сустрэч і ўмацавання нашай супольнай веры. Вазьміце з сабой добрае надвор’е ў сэрцы, зручны абутак і малітоўны настрой. Святы Антоні Падуанскі, маліся за нас!”