
У суботу 23 мая ў гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя шасцёра дыяканаў прымуць пасвячэнне ў ступені прэзбітэрату.
Пасвячэнне прымуць дыяканы Максім Ваўчок з парафіі Маці Божай Тройчы Цудоўнай у Мастах, Марцін Лудзіч з парафіі Божага Цела ў Крамяніцы (Ваўкавыскі дэканат), Яраслаў Казлоўскі з парафіі св. Юзафа ў Гродне (дэканат Гродна-Усход), Дзмітрый Роўны з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Новым Двары (Шчучынскі дэканат), Віталій Сямёнаў і Аляксей Ціхан з парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе. Усе яны выпускнікі Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
Удзеліць пасвячэнне біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. Святая Імша, на якой яно адбудзецца, пачнецца ў 12.00.
Вернікаў просяць маліцца за дыяканаў, каб яны найлепшым чынам падрыхтаваліся да пасвячэння і рупліва служылі Касцёлу.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі





