
У нядзелю 24 мая ў гродзенскім мікрараёне Альшанка пройдзе асвячэнне касцёла Святога Духа. Асвячэнне здзейсніць біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.
Гэтую падзею можна назваць сімвалічнай, паколькі яна адбудзецца ў 35-ю гадавіну заснавання Гродзенскай дыяцэзіі. Дзень, калі адбудзецца асвячэнне, з’яўляецца адпустовай урачыстасцю парафіі Святога Духа, якой належыць гэты новы касцёл.
Парафія заснавана ў 2012 годзе. Благаслаўленне зямлі і крыжа на месцы будаўніцтва касцёла здзейсніў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч у 2015 годзе. Праект святыні распрацаваў гродзенскі архітэктар Аляксандр Штэн. Касцёл пабудаваны з чырвонай цэглы ў класічным стылі, у форме крыжа, звонку ўпрыгожаны рэльефнымі выявамі, каля касцёла знаходзіцца аднапавярховы парафіяльны дом.
Імша, на якой будзе здзейснена асвячэнне, пачнецца ў 12.00. Пробашч парафіі кс. канонік Павел Салабуда сардэчна запрашае ўсіх ахвотных.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі





