
Парафія св. Арханёла Міхала ў Навагрудку запрашае на рэкалекцыі, прысвечаныя св. Францішку Асізскаму, якія пройдуць з 13 па 15 сакавіка.
Рэкалекцыі правядзе айцец францішканін Яўген Голуб, які служыць у Івянцы (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія). Рэкалекцыйныя навукі дапамогуць удзельнікам не толькі пазнаёміцца з гістарычнай постаццю святога Францішка, але і адкрыць для сябе актуальнасць ягонага паслання ў сучасным свеце.
“Гэта будзе асаблівы час сустрэчы з Богам праз прызму жыцця і сведчання аднаго з самых вялікіх святых Каталіцкага Касцёла, – паведамляецца пра рэкалекцыі. – Айцец Яўген, які мае багаты досвед духоўнага суправаджэння і глыбокае разуменне францішканскай духоўнасці, дапаможа зазірнуць у самыя глыбіні евангельскага жыцця, натхняючыся прыкладам Божага жабрака. Запрашаем вернікаў разам перажыць гэты асаблівы велікапосны час”.
“Сапраўднай духоўнай падзеяй стане магчымасць ушанаваць рэліквіі святога Францішка Асізскага, якія будуць прывезены ў Навагрудак з нагоды 800-годдзя яго нараджэння для неба, – адзначаюць арганізатары рэкалекцый. – Гэты юбілейны год – асаблівы час, каб дакрануцца да рэліквій і адчуць яднанне з традыцыяй Касцёла, якая праз стагоддзі нясе святло Евангелля. Святы Францішак Асізскі – заступнік эколагаў, міратворац і чалавек, які адмовіўся ад багацця дзеля служэння бедным і абвяшчэння Добрай Весткі. Яго любоў да ўсяго стварэння, да кожнага чалавека з’яўляецца жывым прыкладам таго, як жыць Евангеллем штодня. На рэкалекцыях вернікі змогуць паразважаць над тым, як знайсці сваю дарогу да Бога ў сучасным секулярызаваным свеце, натхняючыся лагоднасцю і радасцю святога з Асізі”.





