
25 студзеня ў Іўі пройдзе ХХІІІ Фестываль калядных спеваў “Gloria in excelsis Deo”.
Фестываль адкрыецца святой Імшой у іўеўскім касцёле святых апосталаў Пятра і Паўла, пачатак у 11.30. А 14-й гадзіне ў іўеўскім Цэнтры культуры і вольнага часу распачнецца святочны канцэрт.
На традыцыйны фестываль калядных спеваў запрашаюцца ўсе ахвотныя.
Фестываль “Gloria in excelsis Deo” (“Хвала на вышынях Богу”), прайшоўшы шлях ад сціплага парафіяльнага свята да прадстаўнічага мерапрыемства, штогод збірае ўдзельнікаў рознага ўзросту, якія не толькі выконваюць калядныя спевы, але і чытаюць вершы, танчаць, паказваюць калядныя сцэнкі. За час існавання фестывалю ў ім бралі ўдзел выканаўцы не толькі з Іўеўшчыны, але і з іншых мясцін Беларусі і нават з замежжа. У якасці ганаровых гасцей на ім прысутнічалі беларускія каталіцкія іерархі, Апостальскі нунцый арцыбіскуп Габар Пінтэр, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу і мясцовай улады, у цесным супрацоўніцтве з якімі фестываль ладзіцца штогод.
“Гэты фестываль – маштабнае мерапрыемства, якое праходзіць у гасцінным беларускім мястэчку, дзе ў міры і згодзе жывуць прадстаўнікі розных веравызнанняў і нацыянальнасцяў, – адзначаюць арганізатары. – Ён па праве лічыцца адной з яскравых рэлігійных падзей жыцця Касцёла на Беларусі. Сёлета гэтая выбітная падзея збярэ дзяцей і моладзь Іўеўшчыны ў дваццаць трэці раз, каб у атмасферы братэрства яны маглі з вялікай радасцю і энтузіязмам падзяліцца сваімі талентамі і праславіць Хрыста”.





