З 15 па 18 кастрычніка ў рэкалекцыйным доме «Голас Айца» у Росі (Ваўкавыскі дэканат) адбудзецца курс хрысціянскага жыцця Cursillo. У Беларусі сёлета ён пройдзе ў пяты раз.
“Cursillo” (з ісп. Сursillo de cristiandad, “Маленькі курс хрысціянскага жыцця”) – інтэнсіўны трохдзённы курс, які не мае навуковага характару і не з’яўляецца тым, што называюць рэкалекцыямі. Курс дае магчымасць разгледзець фундаментальныя тэмы хрысціянства і хрысціянскага ладу жыцця, паразважаць над тым, якім павінен быць хрысціянін ХХІ стагоддзя ў штодзённым жыцці.
Курс складаецца са сведчанняў жыццёвага досведу звычайных людзей, на аснове чаго праходзяць дыскусіі ў невялікіх групах. Сведчанні і абмен меркаваннямі чаргуюцца з песнямі, размовамі, перапынкамі і малітвай.
Курс прызначаны для ўсіх, хто хоча сур’ёзна зірнуць на сябе, сваё жыццё, адносіны з іншымі людзьмі і Богам.
На курс запрашаюцца перш за ўсё тыя, хто не прымаў удзелу ў сістэматычнай катэхізацыі.
У курсе таксама могуць удзельнічаць тыя, хто не з’яўляецца католікамі.
Узрост удзельнікаў – ад 18 гадоў.
Папярэдні запіс абавязковы.
Пра ўдзел паведаміць па тэлефоне: +375 29 589 52 89 – ксёндз Міхал Васількевіч.





