У межах урачыстасцяў у Нацыянальным санктуарыі ў Будславе адбудзецца прэзентацыя першага агульнабеларускага афіцыйнага каталіцкага спеўніка “Божа, мы Цябе ўслаўляем”. Спеўнік ухвалены Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі і прызначаны для абавязковага выкарыстання ва ўсіх літургіях на беларускай мове.
Прэзентацыя спеўніка ў Нацыянальным санктуарыі пройдзе 4 ліпеня ў 9.45.
Спеўнік падрыхтаваны Секцыяй касцёльнай музыкі Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Секцыю ўзначальвае Уладзімір Неўдах, які каардынуе працу над упарадкаваннем і развіццём касцёльнай музычнай культуры ў нашай краіне. Спеўнік ухвалены Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на 97-м пленарным пасяджэнні 18 сакавіка гэтага года.
У дэкрэце ККББ гаворыцца: “Абвяшчаем гэтае выданне агульнабеларускім літургічным спеўнікам і абавязваем карыстацца дадзеным спеўнікам пры кожнай цэлебрацыі літургіі, якая адбываецца на беларускай мове, ва ўсіх дыяцэзіях на Беларусі. Выкарыстанне іншых спеўнікаў не дазваляецца”. Гэта азначае, што з гэтага моманту ўсе ранейшыя ўласныя ініцыятывы, не ўхваленыя ККББ, не могуць выкарыстоўвацца ў літургіі. Новы спеўнік становіцца адзіным афіцыйным і абавязковым музычным выданнем для ўсіх парафій, супольнасцяў і хораў, якія служаць на беларускай мове.
Спеўнік аб’ядноўвае тэалагічную, музычную і літургічную спадчыну Касцёла на Беларусі. У ім прадстаўлены традыцыйныя беларускія літургічныя спевы, класічныя гімны, сучасныя духоўныя кампазіцыі, а таксама музычныя матэрыялы для ўсіх перыядаў літургічнага года. Па словах старшыні Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB, выданне “стане асновай для фармавання агульнай музычнай традыцыі, якая аб’ядноўвае парафіі па ўсёй Беларусі, і будзе служыць інструментам адзінства ў літургічнай практыцы”.
Біскуп Аляксандр Яшэўскі адзначае: “Асаблівая ўдзячнасць выказваецца членам Секцыі касцёльнай музыкі, аўтарам спеваў і складальнікам спеўніка, якія на працягу некалькіх гадоў ажыццяўлялі вялікую і адказную працу: збіралі матэрыялы, правяралі тэксты і ноты, узгаднялі літургічныя нормы, рыхтавалі музычныя адаптацыі і стваралі адзіны стандарт беларускамоўнай літургічнай музыкі. Іх адданасць, прафесіяналізм і любоў да касцёльнага спеву зрабілі магчымым з’яўленне гэтага важнага выдання, якое будзе служыць Касцёлу на Беларусі многія гады. Удзячнасць выказваецца таксама Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла — за рэдакцыйную працу і клопат пра дакладнасць тэкстаў, і выдавецтву “Pro Christo” — за арганізацыю друку і высокую якасць выдання”.
Набыць спеўнік можна:
на агульнабеларускіх касцёльных урачыстасцях і іншых маштабных мерапрыемствах;
па папярэднім заказе з магчымасцю самавывазу з Бараўлян;
праз дастаўку па Беларусі пры ўмове аплаты пакупніком транспартных выдаткаў.
Распаўсюджванне спеўніка даручана сакратару Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры ККББ ксяндзу каноніку Віктару Гайдукевічу SDB – да яго могуць звяртацца пробашчы парафій і ўсе зацікаўленыя ў набыцці спеўніка.
Для папярэдняга заказу, арганізацыі самавывазу або атрымання дадатковай інфармацыі звяртацца па тэлефонах:
+375 29 3179291, +375 29 3871926
Спеўнік будзе даступны на галоўных касцёльных фэстах у Беларусі, у тым ліку ў Будславе, Тракелях, Гудагаі, Браславе, Лагішыне, Бялынічах. Гэта дазволіць вернікам з розных рэгіёнаў краіны набыць афіцыйнае выданне на найбольш значных дыяцэзіяльных і нацыянальных урачыстасцях.
Прэзентацыя спеўніка ў Будславе стане знакам удзячнасці Богу за шлях, які Касцёл на Беларусі прайшоў за апошнія тры дзесяцігоддзі. Гэты спеўнік — не толькі музычнае выданне, але і сімвал адзінства, сталасці і духоўнага адраджэння.





