
20 чэрвеня ў касцёле Маці Божай Тройчы Цудоўнай у Мастах пройдуць рэкалекцыі “72 гадзіны”.
Назва “72 гадзіны” азначае тры дні перад Вялікаднем – Вялікія чацвер, пятніца і субота (па 24 гадзіны кожны).
Пробашч мастоўскай парафіі кс. Віктар Ханько адзначае: “Самае галоўнае свята для хрысціяніна – Вялікдзень, гэта ўрачыстасць перамогі Езуса Хрыста над смерцю, сатаной і нашым грахом. Езус, Сын Божы, прайшоўшы праз падзеі Вялікіх чацвярга, пятніцы і суботы, падарыў нам свабоду і магчымасць вярнуцца ў рукі і ў сэрца нашага Пана. Аднак многія з нас праводзяць дні Вялікага тыдня, асабліва гэтыя чацвер, пятніцу і суботу, без той глыбокай радасці і перамен у жыцці, якія гэтыя дні могуць прынесці. Мы ведаем і разумеем розумам, што адбывалася ў гэтыя дні, але часта гэта здаецца далёкім ад нашай штодзённасці.
Дарагія, запрашаю вас не проста ўзгадаць гэтыя падзеі, а перажыць іх нанова, зазірнуўшы глыбей у сябе. Мы разам акунемся ў атмасферу Вялікіх чацвярга, пятніцы, суботы і Уваскрасення нашага Пана Езуса Хрыста. Спадзяюся, што гэтыя рэкалекцыі стануць для вас не толькі крыніцай ведаў, але і жывым досведам – перажываннем Апошняй Вячэры, пакутаў на Галгоце, якія датычаць і нашага ўласнага жыцця, а таксама асабістай сустрэчай з Уваскрослым Панам і ўмацаваннем Велікоднай веры. Прыходзьце з адкрытым сэрцам – разам правядзём гэтыя святыя 72 гадзіны”.
Праграма:
10:30 — канферэнцыя
11:00 — малітва, перапынак
12:00 — канферэнцыя, Крыжовы шлях
14:00 — абед
15:00 — Вяночак да Божай Міласэрнасці, канферэнцыя
17:00 — святая Імша, пасля – адарацыя з малітвай аб аздараўленні і вызваленні.
Для ўдзелу абавязковы запіс па нумары (можна ў Viber):
+375 29 586 39 16 – ксёндз Віктар





