15 кастрычніка шчучынская парафія св. Тэрэзы Авільскай адзначыла адпустовую ўрачыстасць у гонар сваёй нябеснай апякункі.
Падрыхтоўкай да ўрачыстасці было саракагадзіннае набажэнства з адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту. На Імшы ў дзень урачыстасці прысутнічалі шматлікія парафіяне і святары Шчучынскага дэканату на чале з дэканам кс. Юрыем Федуком. Цэлебраваў літургію пробашч гродзенскай парафіі бл. Мар’яны Бярнацкай кс. канонік Юрый Марціновіч.
У гаміліі ксёндз Юрый адзначыў, што Тэрэза Авільская, вялікая настаўніца Касцёла, чый абраз знаходзіцца ў бакавым алтары шчучынскай парафіяльнай святыні, у сваіх працах надае важнае значэнне будаўніцтву адносін з Богам, а таксама кажа, якія рысы павінна мець сэрца чалавека. Гэтымі рысамі святар назваў праўдзівасць, рашучасць і свабоду.
Кажучы пра першую рысу, святар нагадаў словы Тэрэзы Авільскай, што "пакора - гэта хаджэнне ў праўдзе". Гэта, адзначыў ён, азначае, што "сэрца не можа насіць масак перад Богам, мы павінны стаць перад Ім такімі, якія мы ёсць - з нашымі слабасцямі, але і з годнасцю Божых дзяцей". Тлумачачы, што азначае рашучасць сэрца, ён сказаў, што святая пісала пра важнасць "мужнай пастановы": гэта значыць, што сэрца "не можа быць няўстойлівым, прахалодным ці адданым напалову, Бог не хоча падзеленага сэрца, а шукае людзей, якія вырашаюць ісці за Ім на ўсе сто працэнтаў".

"Свабоднае сэрца" азначае, па словах святара, наступнае: "Каб сэрца магло любіць, яно павінна быць свабодным ад эгаізму, хваравітай прывязанасці да рэчаў, меркаванняў іншых і нават ад уласных уяўленняў пра сябе; свабоднае сэрца - гэта тое, якое ўмее аддаваць".
Пасля літургіі адбылася эўхарыстычная працэсія, у якой парафіяне выказвалі Богу падзяку за час, праведзены перад Ім у саракагадзінным набажэнстве.
У канцы святкавання прадстаўнікі малітоўных груп, якія дзейнічаюць пры парафіі, і іншыя вернікі павіншавалі пробашча а. Аляксандра Мaхначa SP з імянінамі і дваццацігоддзем святарства.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






