Skip to main content

Святары Гродзенскай дыяцэзіі ў межах дня засяроджання памаліліся аб выздараўленні Папы

photo 2026 10 14 15 13 4714 кастрычніка ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) прайшоў дзень засяроджання для святароў, якія служаць на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі.

Узначаліў сустрэчу біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.

У пачатку сустрэчы прысутных азнаёмілі з дэкрэтам біскупа, у якім сказана, што пробашч гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля а. Анджэй Ядкоўскі CsSR прызначаецца духоўным айцом святароў дыяцэзіі.

Новы духоўны айцец выступіў перад прысутнымі з канферэнцыяй. Ён прапанаваў ім задумацца над пытаннямі: “Хто я сёння? Якое маё сэрца? У якім напрамку я іду?” Айцец Анджэй заахвоціў “вярнуцца да пачатку свайго паклікання, каб нанова захапіцца Езусам, які цябе паклікаў і кліча зноў і зноў”. Ён параіў духавенству “шукаць паклікання ў пакліканні”, як святая Тэрэза ад Дзіцяткі Езуса, сустракацца са сваімі сабратамі-святарамі, маліцца адзін за другога і разам.

У праграме сустрэчы была таксама індывідуальная малітва перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Кульмінацыйным пунктам праграмы была Імша, якую цэлебраваў біскуп Гродзенскі.

photo 2026 10 14 15 13 43

Іерарх заклікаў удзельнікаў падтрымаць на гэтай літургіі малітвай Папу Льва XIV, які знаходзіцца ў шпіталі пасля аперацыі, каб ён хутчэй выздаравеў і працягваў узначальваць Касцёл.

У гаміліі біскуп прапанаваў святарам падумаць над пытаннямі: “Ці ўзрастае ўва мне любоў? Ці становіцца маё сэрца больш падобным да Сэрца Хрыста?”

Разважаючы над літургічнымі чытаннямі гэтага дня, ён сказаў: “Сёння варта вярнуцца да гэтай першай праўды нашага святарства: Хрыстус паклікаў нас быць з Ім, каб потым паслаць нас да людзей. Менавіта ў гэтай блізкасці нараджаецца святар, якому можна давяраць і за якім можна ісці”.

Пасвячэнне дае ласку і адначасова заклікае адказна супрацоўнічаць з ёю, – адзначыў іерарх. – Лёгка заўважыць падзелы ў грамадстве, цяжкасці ў сем’ях, памылкі ў жыцці іншых людзей. Значна цяжэй распазнаць тое, што парушае спакой у маім уласным сэрцы. Чаму мяне раздражняе поспех сабрата? Чаму мне цяжка прыняць заўвагу? Чаму я так доўга памятаю крыўду? Чаму ў размове часам больш імкнуся даказаць сваю рацыю, чым зразумець іншага чалавека? Гэтыя пытанні дапамагаюць адкрыць перад Богам месцы, якія яшчэ патрабуюць аздараўлення”.

Па словах біскупа, у пералічаных апосталам у Пісанні плёнах Духа Святога (любоў, радасць, спакой, доўгацярплівасць, ласкавасць, дабрыня, вернасць, лагоднасць і ўстрыманасць) можна “ўбачыць партрэт пастыра: гэта святар, побач з якім чалавек не баіцца быць слабым, які ўмее чакаць, пакуль у сэрцы іншага саспее адказ Богу, які захоўвае вернасць у непрыкметным служэнні, лагоднасць якога дапамагае прыняць нават цяжкую праўду”. На думку іерарха, гэтыя плёны “патрабуюць штодзённай малітвы, пільнасці адносна сябе, новых пачаткаў”, “часам нараджаюцца ў вельмі простай сітуацыі: калі мы стрымалі рэзкае слова, уважліва выслухалі чалавека, адмовіліся ад плёткі, прабачылі сабрату”.

“У Евангеллі Езус звяртае ўвагу на небяспеку, якая можа закрануць і рэлігійнага чалавека: старанна захоўваць знешні парадак, але занядбаць справядлівасць і любоў Божую. Гэтае слова асабліва важнае для нас, бо ўсё наша жыццё звязана са святыняй, літургіяй, малітвай, сакрамэнтамі. Мы штодня знаходзімся побач са святым. І таму нам неабходна пільнаваць, каб сэрца заставалася жывым, здольным здзіўляцца Божай любові і адгукацца на чалавечы боль”, – сказаў біскуп.

Ён дадаў, што “святар павінен ведаць праўду Евангелля і мужна яе абвяшчаць, аднак таксама ведаць чалавека, да якога гэтая праўда звернута: яго страх, яго раны, яго слабасць і яго жаданне пачаць нанова”. “Пастырская любоў патрабуе прысутнасці. Яна дапамагае чалавеку зрабіць наступны крок, падтрымлівае яго ў барацьбе, не стамляецца паказваць дарогу да Хрыста”, – адзначыў іерарх.

photo 2026 10 14 15 13 44

Ён нагадаў, што Папа Леў XIV у звароце да духавенства Рыма заклікаў святароў быць вартымі даверу і прыкладам для іншых. Біскуп прапанаваў святарам адказаць сабе на пытанне: “Ці адпавядае мой спосаб жыцця таму, што я прапаведую?”

Іерарх папрасіў духавенства “дапамагаць адзін аднаму жыць святарствам з радасцю і надзеяй”. “Кожны з вас патрэбны. Кожны заслугоўвае братэрскай увагі. Часам для ўмацавання еднасці дастаткова простага ўчынку: наведаць, патэлефанаваць, падзякаваць, прапанаваць дапамогу. Часам патрэбна больш мужнасці: спыніць несправядлівую размову, прызнаць крыўду, зрабіць першы крок да прымірэння”, – адзначыў біскуп.

Акрамя таго, ён падкрэсліў, што сэрца святара “павінна мець месца, дзе яно адпачывае ў Богу”, і пажадаў, каб гэтая літургія стала для святароў аднаўленнем блізкасці з Панам.

Сустрэча завяршылася супольным абедам, прыгатаваным вернікамі тракельскай парафіі.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі