З 5 па 8 кастрычніка ў санктуарыі Езуса Журботнага ў Росі адбыліся рэкалекцыі для святароў, якія служаць на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі.
Яны прайшлі ў рэкалекцыйным доме “Голас Айца”, давалі святарам магчымасць пабыць у цішыні, памаліцца і аднавіць сваё духоўнае жыццё. Правёў рэкалекцыі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. У разважаннях, якія ўдзельнікі слухалі кожны дзень, ён распавёў аб сваёй веры і адносінах з Найвышэйшым Святаром – Езусам Хрыстом.
Галоўнай падзеяй дня была Імша, на якой асаблівым чынам маліліся за прэзбітэрый Касцёла на Гродзеншчыне.
У апошні дзень рэкалекцый літургію ў санктуарыі цэлебраваў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. У звароце да прысутных ён адзначыў, што час, які святары праводзяць разам на малітве, спрыяе іх адзінству. Іерарх падзякаваў біскупу Віцебскаму за правядзенне рэкалекцый і выказаў падзяку святарам за тое, што яны, нягледзячы на абавязкі, узялі ўдзел у гэтых духоўных практыкаваннях.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






