4 кастрычніка ў лідскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе адбылася Імша, прымеркаваная да 30-й гадавіны смерці кс. Станіслава Роека SchP. Літургію цэлебраваў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.
“Ксёндз Станіслаў, святар, адданы служэнню Езусу Хрысту і Касцёлу, пакінуў значны след у гісторыі парафіяльнай супольнасці, – адзначаюць у парафіі. – Урачыстасць з нагоды трыццацігоддзя з дня смерці ксяндза — дар удзячнасці за яго працу і сведчанне таго, што памяць пра яго жыве сярод вернікаў. Гэтая ўрачыстасць стала светлым і кранальным момантам для ўсёй парафіяльнай сям’і”.
У гаміліі, тлумачачы прыпавесць пра несумленных вінаградараў з літургічных чытанняў гэтага дня, біскуп адзначыў: “Усе мы, хрысціяне, належым да гэтага новага вінаградніку, без усялякіх нашых заслуг, і з’яўляемся адказнымі за яго, кожны па-свойму”. Разважаючы над словамі Езуса Хрыста пра камень, які стаў галавой вугла, ён сказаў: “Той Касцёл, які моцна грунтуецца на Езусе як на сваім вуглавым камені, у стане вытрываць розныя жыццёвыя завірухі і подступы ворагаў”.
Ксяндза Станіслава біскуп назваў “святаром, які быў верным, адважным, трывалым і нязломным працаўніком у Панскім вінаградніку”, “сапраўдным сведкам веры і змагаром за яе”. Іерарх дадаў, што гэты “вялікі святар, асабліва заслужаны для Ліды і наваколля”, правёў у гэтым горадзе 57 гадоў. Біскуп нагадаў біяграфію ксяндза Станіслава, у тым ліку тое, што ён прыбыў у Ліду ў 1939 г., ажыццяўляў душпастырскую працу пры касцёле піяраў і пры лідскай Фары, потым быў пробашчам у Шчучыне, з 1949 г. да смерці – зноў пробашчам лідскай фарнай парафіі.

“Немагчыма ў некалькіх словах пералічыць усіх яго заслуг, – сказаў біскуп. – Шмат гадоў ён быў адзіным святаром у Лідзе, ахопліваючы служэннем таксама вернікаў парафій наваколля, якія засталіся без душпастыраў. Як сам ён пісаў ва ўспамінах, ён быў вельмі змучаны штодзённай працай звыш сіл, часам літаральна падаў ад стомленасці. Да гэтага далучаліся пастаянны пераслед, здзекі і правакацыі з боку атэістычных уладаў. Ён перанёс тры замахі на жыццё. Неаднойчы ўлады націскалі на яго, каб ён пакінуў Ліду, нават прапаноўвалі перамясціць у любую іншую выбраную ім парафію – але ён застаўся непахісным, не выехаў і такім чынам не дапусціў, каб горад Ліда асірацеў, застаўся без святара. У сэрцах і памяці ўсіх, хто меў гонар асабіста ведаць яго, назаўсёды застанецца яго вобраз як вернага, нязломнага, нястомнага, без рэшты адданага Божай справе працаўніка Панскага вінаградніку”.
Біскуп дадаў, што ў апошнія гады жыцця ксёндз Станіслаў убачыў адраджэнне дзейнасці Касцёла на Беларусі: “Мы можам толькі ўявіць, колькі радасці адчувала яго святарскае сэрца”. “Незлічонае мноства людзей, якое сабралося на яго пахаванні, было найлепшым сведчаннем таго, якой вялікай любоўю і ўдзячнасцю адорваў верны народ Ліды і наваколля свайго шматгадовага душпастыра, адданага Богу і людзям, – сказаў іерарх. – Няхай яго прыклад мабілізуе нас, каб усе мы – святары, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі, кожны па-свойму – верна і адважна ішлі за Хрыстом да святасці шляхам свайго паклікання”.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






