5 кастрычніка ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Язафата ў Сапоцкіне адбылася Імша ў інтэнцыі кс. каноніка Юрыя Свіслоцкага ў першую гадавіну смерці.
Літургію цэлебраваў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. Таксама ў гэты дзень у парафію прыбыў абраз Маці Божай Міласэрнасці (Вастрабрамскай) у межах перэгрынацыі, якая праходзіць з нагоды 35-годдзя Гродзенскай дыяцэзіі.
Біскуп, звяртаючыся да прысутных, назваў гэты дзень асаблівым для парафіяльнай супольнасці – з-за сустрэчы з Маці Божай, якая ў абразе “прыбыла сюды, каб услухоўвацца ў патрэбы сваіх дзяцей”, і з нагоды малітоўнага ўспаміну спачылага ксяндза Юрыя, для якога гэтая парафія была домам у апошнія гады святарскага служэння і які, нягледзячы на хваробу, аддана служыў мясцовым вернікам.

Гамілію прамовіў пробашч парафіі апосталаў Пятра і Паўла ў Гожы (дэканат Гродна-Усход) кс. канонік Павел Шанчук, які сябраваў з ксяндзом Юрыем. Ён падзяліўся ўспамінамі пра спачылага, адзначыў, што жыццёвым дэвізам таго былі словы “ўсё будзе добра” і што ён быў адданы людзям, стараўся заўважыць кожнага і кожнаму ўдзяліць час.
Біскуп падзякаваў прысутным за ўдзел у малітоўным успаміне памерлага, заклікаў працягваць маліцца ў яго інтэнцыі, а таксама аб новых пакліканнях да святарства, кансэкраванага жыцця і місіянерскай дзейнасці.
У канцы адбылася малітва “Анёл Панскі” аб тым, каб Бог адарыў свайго слугу жыццём вечным.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






