Skip to main content

Супрацоўнікі і валанцёры дыяцэзіяльнага “Карытас” упершыню прынялі ўдзел у фестывалі Novafest

nowafest 1278 жніўня супрацоўнікі і валанцёры РА “ДКРМ «Карытас» Гродзенскай дыяцэзіі” ўпершыню ўдзельнічалі ў фестывалі Novafest ва Уселюбе.

Як яны самі падкрэсліваюць, гэты дзень стаў для іх асаблівым сведчаннем таго, як Божая любоў можа праяўляцца праз простыя, але шчырыя жэсты адкрытасці, шчодрасці і ўзаемнай падтрымкі.

З самай раніцы фестывальная прастора была напоўнена светлымі ўсмешкамі людзей, якія прыязджалі з розных куткоў дыяцэзіі, каб падзяліцца радасцю, сведчаннямі і братэрскай любоўю.

Асаблівым момантам дня стала св. Імша, якую ўзначаліў Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Яго прысутнасць і словы прынеслі глыбокае духоўнае натхненне і адчуванне еднасці ў веры.

nowafest 21

Для каманды “Карытас” удзел у фестывалі быў не проста прысутнасцю на падзеі, гэта было служэнне, якое нараджалася з сэрца і адгукалася ў сэрцах іншых.

У рухах і словах валанцёраў дабрачыннай арганізацыі адчувалася тое, што робіць “Карытас” унікальным: ахвярнасць і адданасць сэрцаў, гатоўнасць быць побач і служыць бліжнім.

На працягу ўсяго дня супрацоўнікі і валанцёры бачылі, як узаемная падтрымка становіцца знакам Божай прысутнасці. Гэта нагадвала пра евангельскі заклік: “Насіце цяжары адзін аднаго”, – і менавіта так яны адчувалі перажыванне Novafest.

Для “Карытас” Гродзенскай дыяцэзіі гэты ўдзел стаў не толькі новым досведам, але і натхненнем, якое хочацца несці далей у штодзённую працу.

“Мы ўбачылі, як шмат людзей гатовыя быць часткай дабра, як шмат сэрцаў адкрытыя на служэнне і як важна працягваць будаваць масты паміж тымі, хто можа дапамагчы, і тымі, хто мае патрэбу ў падтрымцы. Novafest ва Уселюбе стаў для нас напамінам: калі мы разам, калі мы адкрытыя на Божую любоў і на людзей, тады нават адзін дзень можа стаць крыніцай вялікіх перамен”, – адзначылі ў дабрачыннай арганізацыі.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Юлія Радзевіч