Skip to main content

Каманда таварыства “Caritas” Гродзенскай дыяцэзіі служыла пілігрымам на ўрачыстасцях у Будславе і Тракелях

photo 2026 07 17 21 36 28Каманда дабрачыннага каталіцкага таварыства “Caritas” Гродзенскай дыяцэзіі служыла пілігрымам на сёлетніх адпустовых урачыстасцях у Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай і дыяцэзіяльным санктуарыі Каралевы нашых сем’яў у Тракелях.

Урачыстасці ў Будславе праходзілі 3-4 ліпеня, у Тракелях – 10-11 ліпеня.

Па словах прадстаўнікоў таварыства, для іх гэтыя дні “патрабавалі шмат фізічных высілкаў: дарога, намёты, пастаянны рух, падрыхтоўкі, арганізацыя працы”, але ў духоўным плане “сталі сапраўдным падарункам”.

“Праз прысутнасць валанцёраў, іх рукі і сэрцы Пан Бог здзяйсняў нешта значна большае, чым проста арганізацыйную дапамогу, – кажуць супрацоўнікі “Caritas”. – Кожная ўсмешка, кубачак кавы, добрае слова, кожны жэст увагі да чалавека, які падыходзіў да нашага намёта, станавіліся часткай вялікай гісторыі служэння.

Цеплыня, адкрытасць і гатоўнасць быць побач стваралі атмасферу, у якой кожны пілігрым адчуваў сябе прынятым і падтрыманым. Гэтыя дні паказалі, як шмат можа зрабіць супольнасць, калі яна аб’яднаная верай і жаданнем служыць бліжняму. Стома не стала перашкодай — наадварот, яна ператварылася ў знак адданасці і любові да людзей.

Па словах прадстаўнікоў “Caritas”, іх служэнне ў гэтыя дні застанецца важнай часткай гісторыі гэтага дабрачыннага таварыства ў Гродзенскай дыяцэзіі і сведчаннем жывой хрысціянскай любові. Яны выказваюць пажаданне: “Няхай Маці Божая Будслаўская і Маці Божая Тракельская благаславяць усіх, хто ўдзельнічаў у гэтым служэнні, а Пан Бог аддзячыць за шчырасць, адкрытасць і вялікае сэрца”.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі