
20 сакавіка ў офісе дабрачыннага каталіцкага таварыства “Caritas” Гродзенскай дыяцэзіі адбылося працоўнае пасяджэнне камісіі па справах дабрачыннага служэння, якая дзейнічае ў межах І Сіноду Гродзенскай дыяцэзіі.
У пасяджэнні ўдзельнічаў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. Іерарх падзякаваў членам камісіі за актыўнае ўключэнне ў справу інтэнсіфікацыі рэлігійнага жыцця ў мясцовым Касцёле.
Старшыня камісіі кс. Віталій Дабраловіч, адказны за справы дабрачыннасці і фінансы ў Гродзенскай дыяцэзіі, азнаёміў прысутных з перспектывамі развіцця дабрачыннасці ў мясцовым Касцёле. Было адзначана, што дыяцэзіяльны Сінод павінен мець на мэце звярнуць увагу на глыбокую патрэбу ў тым, каб аднавіць дабрачыннае служэнне і вярнуць яму належнае месца ў пастырскай дзейнасці Касцёла на Гродзеншчыне. Па словах старшыні камісіі, гэтая патрэба вынікае як з трывалай і багатай традыцыі Касцёла, так і з новых магчымасцей для дабрачыннай працы.
Першы Сінод Гродзенскай дыяцэзіі праходзіць з лістапада 2017 г. Плануецца, што ён завершыцца 16 лістапада 2026 г., ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай – галоўнай Апякункі Касцёла на Гродзеншчыне.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






