Skip to main content

Таварыства “Caritas” Гродзенскай дыяцэзіі арганізавала мерапрыемства для моладзі

caritas 16

У межах дабрачыннага праекта “VIBES для моладзі” дабрачыннае каталіцкае таварыства “Caritas” Гродзенскай дыяцэзіі пры падтрымцы партнёраў гэтага праекта – міжнароднага грамадскага аб’яднання “SOS-Дзіцячыя вёскі” – арганізавала мерапрыемства па абмене досведам.

Мерапрыемства прайшло пад дэвізам “VIBES: зараджайся і натхняй!”.

Удзельнікамі праекта былі маладыя людзі, якія знаходзяцца ў складанай жыццёвай сітуацыі. Каля пяцідзесяці чалавек, сабраўшыся на адной пляцоўцы, мелі нагоду стварыць прастору, у якой кожны мог атрымаць падтрымку, прыняцце і роўныя магчымасці для развіцця.

Удзельнікі праекта самі правялі аўтарскія майстар-класы па такіх напрамках, як б’юці-сфера, 3D-тэхналогіі і мадэляванне, гарбарная і сталярная справа, а таксама падзяліліся цікавымі гісторыямі па запуску свайго бізнесу з нуля. Гэта, па словах арганізатараў, надало мерапрыемству асаблівую каштоўнасць, стала яркім прыкладам лідарства і прынцыпу “роўны вучыць роўнага”.

Таксама ў праграме былі натхняльныя выступленні прадстаўнікоў уласнага бізнесу ў Гродне, з маладымі людзьмі працавалі псіхолагі, медыятар, кансультанты па развіцці прадпрымальніцтва і самазанятасці. Спікеры падзяліліся досведам, распавялі пра складанасці і вынікі сваёй дзейнасці.

“Кожная сустрэча стала крокам да прафесійнага самавызначэння і ўмацавання ўпэўненасці ў сабе, – адзначылі арганізатары. – Удзельнікі атрымалі не толькі веды, але і магутны зарад матывацыі. Мерапрыемства прайшло ў атмасферы адкрытасці, даверу і ўзаемнага натхнення. Праект “VIBES” — гэта прастора магчымасцяў, дзе моладзь не толькі вучыцца, але і пачынае дзейнічаць і становіцца прыкладам для іншых”.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі