
15 студзеня прайшла традыцыйная аплаткавая сустрэча валанцёраў дабрачыннага каталіцкага таварыства “Caritas” Гродзенскай дыяцэзіі.
Гэтая падзея сабрала людзей, якія на працягу года здзяйснялі справу служэння бліжнім праз розныя дабрачынныя ініцыятывы. У сустрэчы ўзяў удзел біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.
У звароце да прысутных біскуп адзначыў, што валанцёрскі рух – неад’емная частка жыцця Касцёла, бо праз служэнне бліжнім мы сведчым пра любоў і міласэрнасць. Іерарх назваў працу валанцёраў не толькі дапамогай тым, хто знаходзіцца ў патрэбе, але і шляхам асабістага духоўнага ўзбагачэння, які адкрывае сэрцы для Божай ласкі.
Біскуп прамовіў малітву за валанцёраў дабрачыннага таварыства і ўдзяліў ім пастырскае благаслаўленне. Як паведамляюць удзельнікі сустрэчы, яго прысутнасць “надала гэтай падзеі асаблівую духоўную глыбіню: словы біскупа гучалі як заклік да еднасці, любові і служэння”.
Валанцёры таварыства падзяліліся аплаткай, выказалі адзін аднаму пажаданні і памаліліся за тых, каму служаць. Па іх словах, “гэта стала нагадваннем, што сапраўдная радасць нараджаецца ў служэнні іншым”.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






