Skip to main content

Бедныя не дзесьці побач, бедныя – сярод нас

photo 2026 11 15 18 25 47Мы звычайна ўяўляем беднасць як нешта далёкае ад нашага паўсядзённага жыцця: бяздомныя на вуліцах вялікіх гарадоў, людзі ў краінах, ахопленых войнамі, сем’і, пазбаўленыя самага неабходнага… Але ці сапраўды беднасць знаходзіцца недзе далёка? Магчыма, яна значна бліжэй, чым нам здаецца: за сцяной суседняй кватэры, у парафіі або нават у коле знаёмых. Сусветны дзень бедных, які адзначаецца ў Каталіцкім Касцёле ў трэцюю нядзелю лістапада, запрашае вернікаў не проста паглядзець на праблему беднасці, але навучыцца заўважаць людзей, якія патрабуюць любові, увагі і падтрымкі.

“Нябачная” беднасць

Калі мы чуем слова “беднасць”, перад вачыма зазвычай узнікае карціна кшталту “чалавек просіць міласціну”. Мы спачуваем такім людзям. Часам дапамагаем ім, ахвяруем грошы на дабрачыннасць. І гэта, безумоўна, важна.

Але беднасць не заўсёды прыкметная з першага погляду. Яна можа хавацца за ахайным адзеннем, усмешкай і звычайным прывітаннем. Пажылы чалавек цэлымі днямі знаходзіцца ў адзіноце і чакае хаця б аднаго тэлефоннага званка, бо яму няма з кім пагаварыць. Хтосьці страціў працу, блізкіх або надзею на будучыню… А ёсць тыя, хто перажывае хваробу, сямейныя канфлікты або душэўны крызіс. Нездарма, калі мы кагосьці шкадуем, гаворым “бедны чалавек”.

Існуе беднасць, якую немагчыма вымераць у грашовым эквіваленце: беднасць зносін, любові, прыняцця. Можна мець усё неабходнае для жыцця (і нават больш), але пры гэтым адчуваць глыбокую адзіноту. Не заўсёды чалавеку патрэбныя матэрыяльныя рэчы, яму парой неабходна, каб хтосьці проста выслухаў, заўважыў яго боль і пабыў побач.

Магчыма, мы не раз сустракаліся з такімі людзьмі, але не заўважалі іх патрэбы. Не таму, што “нячулыя”, а таму, што спяшаліся, думалі пра свае справы і не змаглі задаць сабе элементарнае пытанне: “Ці ўсё добра ў чалавека, які знаходзіцца побач?”.

Больш, чым працягнутая рука

Мы часта гатовыя дапамагчы бліжняму матэрыяльна, але не гатовыя ўпусціць яго ў сваё жыццё. Нам прасцей перадаць пакет прадуктаў, чым знайсці час для размовы. Прасцей ахвяраваць фінансавыя сродкі, чым выслухаць чужую няпростую гісторыю. Аднак сапраўдная міласэрнасць не заканчваецца на перадачы матэрыяльнай дапамогі. Яна прадугледжвае блізкасць, павагу і прызнанне вартасці іншага чалавека.

Пры гэтым сапраўдная хрысціянская міласэрнасць не ставіць таго, хто дапамагае, вышэй за таго, каму дапамагаюць. Яна не прыніжае і не патрабуе ўдзячнасці. Яна нараджаецца з разумення, што перад намі не чужы чалавек, а брат ці сястра ў Хрысце, з якімі падзяляем адну чалавечую годнасць і адну надзею на Божую любоў.

Людзі ў нястачы часам адкрываюць нам асаблівыя бакі хрысціянскага жыцця. Гэта давер Богу, калі няма ўпэўненасці ў заўтрашнім дні, падзяка за тое малое, што маем. Гэта здольнасць прымаць дапамогу і прызнаваць уласную ўразлівасць, а таксама ўменне шанаваць адносіны больш, чым матэрыяльныя рэчы.

Мабыць, варта не столькі шкадаваць беднага чалавека, колькі вучыцца быць побач з ім. Можам прыйсці да яго, думаючы, што прынясём нешта неабходнае, а пойдзем з разуменнем, што самі атрымалі значна больш, чым аддалі.

photo 2026 11 15 18 25 48

Убачыць Хрыста ў бліжнім

У Евангеллі паводле Мацвея Езус прамаўляе словы, якія становяцца асновай хрысціянскага стаўлення да бедных і патрабуючых: “Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі” (Мц 25, 40). Хрыстос атаясамлівае сябе з тымі, хто галадае, прагне, пазбаўлены прытулку, хворы або знаходзіцца ў вязніцы. Ён нібыта гаворыць нам: хочаце сустрэць Мяне – паглядзіце на тых, хто патрабуе вашай дапамогі.

У гэтых словах адкрываецца адна з найважнейшых праўдаў хрысціянскай веры: Бог настолькі блізкі да чалавека, які церпіць, што кожны наш учынак любові ў адносінах да яго становіцца служэннем самому Хрысту. Часам можа здавацца, што, каб дапамагаць, патрэбныя асаблівыя магчымасці: вольны час, значныя сродкі і г. д. Але Евангелле выразна гаворыць: любоў пачынаецца з малога. Важны не толькі “памер” нашай дапамогі, але і сэрца, з якім аказваем яе.

Такім чынам, дапамагаючы беднаму, мы не проста робім добрую справу або выконваем рэлігійны абавязак, але служым Хрысту. І наадварот, абыякавасць да чалавека, які патрабуе дапамогі, становіцца абыякавасцю да Таго, каго мы вызнаём сваім Панам. Можам шукаць Бога ў асаблівых падзеях, моцных духоўных перажываннях, але не заўважаць Яго прысутнасці ў звычайных чалавечых сітуацыях…

У Пасланні на Х Сусветны дзень бедных папа Леў ХІV заклікае хрысціян стаць прытулкам для іншых, нагадваючы, што хрысціяне не павінны дзяліць людзей на тых, хто дапамагае, і тых, каму дапамагаюць, бо ўсе з’яўляюцца дарам адзін для аднаго.

А ці не бедныя мы самі?

Часам людзі настолькі прывязваюцца да таго, што маюць, што пачынаюць баяцца страціць нават малую частку свайго дабрабыту. Хочацца мець больш, жыць камфортней, адчуваць сябе ўпэўнена і незалежна. І ў гэтай пагоні за ўласным спакоем можна не заўважыць, як паступова тваё сэрца закрываецца для іншых.

Чужыя праблемы пачынаюць здавацца далёкімі, чужыя пакуты – нечым, што мяне не датычыцца, а дапамога патрабуючым – дадатковым клопатам, на які няма ні часу, ні жадання.

І атрымліваецца, што парой чалавек мае ўтульны дом, стабільную працу, дастатак, але застаецца духоўна ўбогім: бедным на любоў, спачуванне, дабрыню і міласэрнасць. У яго сацыяльных сетках сотні сяброў, але няма чалавека, якому хацелася б адкрыць сваё сэрца. Такім чынам, можна мець вельмі мала і быць багатым у вачах Бога. І можна мець амаль усё, але заставацца духоўна бедным.

Сапраўднае багацце хрысціяніна вымяраецца не тым, колькі ён мае, а тым, колькі любові здольны аддаць. І, магчыма, перш чым працягнуць руку беднаму, варта папрасіць Бога, каб узбагаціў сэрца верай, спачуваннем і здольнасцю любіць.

Чым напоўнена наша жыццё? Ці не стала назапашванне матэрыяльных дабротаў важнейшым за адносіны з Богам і бліжнімі? Ці ўмеем дзяліцца тым, што маем, не чакаючы падзякі або ўзнагароды?

Найбольшая небяспека заключаецца не ў тым, што мы не маем магчымасці дапамагчы ўсім, а ў тым, што паступова перастаём заўважаць тых, каму дапамога рэальна патрэбная.

Напамін пра хрысціянскую блізкасць

Сусветны дзень бедных, заснаваны дзесяць гадоў таму па ініцыятыве папы Францішка, нагадвае Касцёлу пра яго асаблівае пакліканне – быць побач з тымі, хто пакутуе і апынуўся на ўскрайку грамадства. Гэта не проста дзень дабрачынных спраў, а запрашэнне перагледзець свае адносіны з людзьмі, якія патрабуюць падтрымкі.

Бедныя не дзесьці далёка, яны сярод нас. Магчыма, бачым іх кожны дзень, але не заўважаем. Магчыма, яны моляцца разам з намі ў адным касцёле, жывуць на нашай вуліцы або працуюць побач. Таму галоўнае пытанне не толькі ў тым, што мы можам даць патрабуючым, але і ў тым, ці здольныя ўбачыць іх у сваіх бліжніх.

Часам, каб сустрэць Хрыста, не трэба нікуды спецыяльна ісці. Дастаткова больш уважліва паглядзець вакол сябе.

18 лістапада – Сусветны дзень бедных

Паводле “Слова Жыцця”, Ангеліна Пакачайла

Рэдагавана: 15 лістапада 2026