Skip to main content

Як правесці лета з карысцю для душы

photo 2026 07 28 16 05 31Лета дае нам унікальную магчымасць “наладзіць” свой розум і сэрца. Прырода, з яе прыгажосцю і гармоніяй, з’яўляецца “кнігай”, у якой можам прачытаць пра веліч Творцы. Св. Ян Павел ІІ заклікаў быць уважлівымі назіральнікамі цудаў стварэння, чыя прыгажосць і глыбіня могуць выклікаць у сэрцы чалавека пачуццё радаснай падзякі, якая пераходзіць у малітву.

Прапануем некалькі спосабаў зрабіць гэтае лета часам духоўнага абнаўлення.

Сузіранне тварэння

Дазвольце сабе спыніцца перад прыгажосцю прыроды: гэта могуць быць лес, палі, рэчка ці проста выгляд неба. Як адзначаў св. Іпаліт Рымскі, усе тварэнні Бога – ад нябеснага зводу да зямных вод – сведчаць аб Яго дабрыні. Таму сузіранне прыроды становіцца выдатнай нагодай для праслаўлення Госпада.

“Святая цікаўнасць” да бліжняга

Лета – гэты час сустрэч з новымі людзьмі або зносін з тымі, каго бачым рэдка. Паспрабуйце ў кожным чалавеку старацца ўбачыць вобраз Божы. Перад сустрэчай з кімсьці (нават калі гэта проста сусед ці выпадковы мінак) коратка памаліцеся: “Госпадзе, дапамажы мне ўбачыць у гэтым чалавеку Тваё святло”. Гэтае практыкаванне дапамагае пераадолець раздражненне і вучыць сапраўднай хрысціянскай гасціннасці.

“Лічбавы пост” для душы

Вылучыце хаця б дзень у тыдзень ці некалькі гадзін на дзень, каб адключыць тэлефон. Выкарыстоўвайце гэты час для таго, каб “пачуць” цішыню, у якой прамаўляе Бог. Як адзначае папа Леў XIV, нам неабходна аднавіць здольнасць да цішыні і слухання, каб не губляць сувязь з Айцом, які “бачыць у таямніцы”.

Малітва “ў шляху”

Калі адпраўляецеся ў падарожжа, на пляж ці ў парк, па дарозе можна чытаць малітвы ці проста дзякаваць Творцы. Св. Фаўстына Кавальская вучыла, што нават у самых простых справах можна знаходзіць Бога, калі рабіць іх з любоўю і даверам. Паспрабуйце прысвяціць сваю дарогу нейкаму канкрэтнаму намеру (напрыклад, за мір у сям’і ці за тых, хто зараз самотны).

Чытанне “кнігі жыцця”

Гэта можа быць любая кніга, якая ўнутрана насычае: духоўная класіка, жыццяпісы святых, Евангелле. Выберыце невялікі ўрывак і чытайце яго павольна, “смакуючы” кожнае слова. Св. Ігнацый Лаёла падкрэсліваў, што важна не “шмат ведаць”, а “ўнутрана адчуваць і атрымліваць асалоду” ад праўдаў веры.

Вячэрняя падзяка за “дробязі”

Перед сном у канцы дня паспрабуйце ўзгадаць тры любыя рэчы, за якія сёння ўдзячны Богу: смачны сняданак, усмешка дзіцяці, прыгожы захад сонца. Падзяка – магутны інструмент, які адкрывае сэрца для Божай ласкі і дапамагае ўбачыць, як шмат Нябесны Айцец робіць для нас кожны дзень.

Няхай гэтыя простыя практыкі стануць для вас “інструментамі”, з дапамогай якіх зможаце пабудаваць больш глыбокія і даверлівыя адносіны з Госпадам.

Памятайце, Бог чакае вас не толькі ў святыні, але і ў кожным моманце вашага летняга адпачынку!

Паводле “Слова Жыцця”, Вольга Сяліцкая

Рэдагавана: 28 ліпеня 2026