Бласлаўлёная свякроў
Пра адносіны нявестак і свекрывей склалася шмат анекдотаў. Не без прычыны, таму што гэтыя адносіны бываюць складанымі і часта патрабуюць вялікіх намаганняў, а таксама малітвы. На шчасце, маем бласлаўлёную заступніцу свекрывей, якая з’яўляецца ўзорам для будавання сапраўдных сужэнскіх і міжпакаленневых адносін, а таксама таго, што ў гэтых адносінах павінна быць на першым месцы.
Бл. Мар’яна Бярнацкая, родам з Ліпска, лічыцца ў Каталіцкім Касцёле заступніцай свекрывей. Падчас Другой сусветнай вайны жанчына аддала сваё жыццё ўзамен на выратаванне нявесткі Ганны, якая была ў бласлаўлёным стане.
Калі Мар’яна пачула загад нямецкага салдата, каб яе сын разам з жонкай апрануліся і выйшлі з хаты, упала да яго ног і маліла пашкадаваць цяжарную нявестку: “Пане, а куды ж яна пойдзе? Пакіньце, я сама пайду замест яе”. Фрыц пагадзіўся. Пасля двухтыднёвага знаходжання ў гродзенскай турме ахвярную жанчыну, яе сына і іншых арыштаваных вывезлі на фарты побач з вёскай Навумавічы і там 13 ліпеня 1943 года расстралялі.
Гераічны ўчынак Мар’яны Бярнацкай з’яўляецца пацвярджэннем таго, што жанчына дала Святому Духу весці сябе. Яна магла застацца пасіўнай і змірыцца з рашэннем гестапа, а магла ахвяраваць сябе за сына. Аднак вырашыла аддаць сваё жыццё за нявестку і ўнука, якога тая насіла пад сэрцам.
13 чэрвеня 1999 года папа Ян Павел II абвясціў Мар’яну Бярнацкую бласлаўлёнай у ліку мучанікаў Другой сусветнай вайны. Беатыфікацыя выклікала павышаную цікавасць да яе асобы. Усё больш і больш людзей звяртаюцца да бласлаўлёнай як да сваёй патронкі. Аб яе заступніцтве ў Бога просяць цэлыя сем’і, а таксама сужэнцы, якія не могуць мець дзяцей, і цяжарныя жанчыны.
Сёння бл. Мар’яна стаіць на абароне здаровых сямейных і сужэнскіх адносін, што асабліва важна ў наш час, калі шлюб і сям’я перажываюць глыбокі крызіс. З увагі на гераічную постаць жанчыны ў Гродне будуецца першы ў свеце касцёл пад яе тытулам.
Выратаваная нявестка Ганна Бярнацкая памерла ў 2014 годзе ва ўзросце 98 гадоў. Яна ніколі не забывала пра сваю свякроў, якая аддала жыццё за яе саму і ненароджанае дзіця. Да апошняга дня цешылася моцным здароўем – добрая, працавітая, заўсёды прыходзіла на дапамогу. Была ўцягнутая ў сямейнае жыццё, часам да такой ступені, што, калі праўнук не меў таварыша для гульні ў футбол, бабуля ахвотна стаяла на варотах і адбівала мячы.
Няхай прыклад бл. Мар’яны Бярнацкай дапамагае нашым сем’ям будаваць добрыя адносіны. Няхай вера ў Езуса Хрыста будзе самым верным падмуркам, на якім можна пабудаваць трывалае сужэнскае і сямейнае шчасце.
Паводле "Слова Жыцця", кс. Юрый Марціновіч
