Святы Дух
Урачыстасць Спаслання Святога Духа, якая святкуецца ў пяцідзесяты дзень пасля Вялікадня, – адно з найбуйнейшых свят у Каталіцкім Касцёле. У гэты дзень нарадзіўся Касцёл – і жыве, і будзе жыць ажно да паўторнага прыйсця Пана.
На Спасланне Святога Духа прырода ўжо цалкам расквітнела, таму гэтую ўрачыстасць у народзе яшчэ называюць “зялёныя святкі”. Зеляніна раслін, траў, дрэў сімвалізуе новае жыццё, якое зноў адраджаецца пасля зімы. У гэты дзень нашы святыні ўпрыгожаны зялёнымі галінкамі – асабліва бярозавымі. У некаторых мясцовасцях захаваўся звычай дэкарыраваць зелянінай уваход у дом.
Святы Дух заўсёды прысутны ў свеце
Урачыстасць Спаслання Святога Духа пераносіць нас у святліцу Апошняй Вячэры, дзе Пан Езус устанавіў сакраманты Эўхарыстыі і пасвячэння. У дзень Уваскрасення Ён прынёс запалоханым Апосталам, якія зачыніліся там у страху перад юдэямі, велікодны дар – сакрамант пакаяння: “Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаныя; на кім пакінеце, на тым застануцца” (Ян 20, 22–23). На сабраных вучняў Хрыста сышоў Святы Дух, абяцаны самім Збаўцам.
Святы Дух не толькі сышоў, а здзейснілася Яго праліццё – як бы Яго выбух. Трэцяя Асоба Святой Тройцы заўсёды прысутнічала ў свеце. Цяпер усю сваю моц Дух Суцяшыцель накіраваў на маленькі Касцёл, які змяшчаўся ў адным памяшканні святліцы. З гэтага часу Ён непарыўна з’яднаўся з Касцёлам, пасяліўся ў ім, асвячае яго і кіруе ім. Касцёл стаў “месцам Духа”, “справай Духа”, “будынкам Духа”, “прысутнасцю Духа”, “святыняй Духа”. Як калісьці Святы Дух напоўніў Найсвяцейшую Панну Марыю ў хвіліну звеставання, а потым Езуса над водамі Іардана, так спачыў і на Касцёле.
Дзякуючы прысутнасці Святога Духа сакраманты асвячаюць чалавека, а Евангелле перадаецца з пакалення ў пакаленне ўжо столькі стагоддзяў. З Яго дапамогай Касцёл не толькі жывы, але і святы. Людзі, якія належаць да супольнасці вернікаў, з’яўляюцца грэшнымі, але Касцёл па сваёй сутнасці заўсёды святы, бо напоўнены Святым Духам.
Святы Дух – пачатак усяго
У Святым Пісанні сустракаем шмат вызначэнняў Святога Духа. Яго называюць “подыхам Бога”, Духам Праўды, Духам Суцяшыцелем, Духам, які ажыўляе, Духам, які асвячае, адвечнай любоўю Айца і Сына, супольнасцю Бога ў Тройцы Адзінага. Гэтыя назвы ўказваюць на функцыі, якія Ён выконвае ў Касцёле і ў нас.
Менавіта Святы Дух напаўняе чалавека Божым жыццём, асвячае, узбагачае дарамі, робіць святыняй і здольным любіць Бога і бліжніх. Дзякуючы Яму мы распазнаём сваё пакліканне, адрозніваем дабро ад зла. Дзякуючы Яму здольныя перамагаць слабасці, спакусы і духа свету, можам моцна верыць, вызнаваць сваю веру і жыць паводле яе. Усё добрае, што дзейнічае ў нас і праз нас, паходзіць ад Святога Духа.
Будзем жа прасіць услед за св. Аўгусцінам: “Будзь маім подыхам, Духу Святы, каб я распазнаваў тое, што святое. Будзь маёй сілай, Духу Святы, каб я чыніў тое, што святое. Будзь маім жаданнем, Духу Святы, каб я любіў тое, што святое. Будзь маёй моцай, Духу Святы, каб я аберагаў тое, што святое. Барані мяне ад злога, Духу Святы, каб я не страціў таго, што святое”.
Урачыстасць Спаслання Святога Духа сёлета адзначаецца ў Касцёле 24 мая.
Паводле “Слова Жыцця”, кс. Юрый Марціновіч
