Skip to main content

Перыяд Вялікага посту: як правесці яго добра?

27

Традыцыйна ў Папяльцовую сераду мы распачынаем у Касцёле чарговы літургічны перыяд – Вялікі пост. Ён павінен дапамагчы вернікам падрыхтавацца да Пасхальнага Трыдууму і нядзелі Уваскрасення Езуса Хрыста. Што трэба зрабіць, каб правесці гэты час плённа?

Папяльцовая серада сёлета распачынае Вялікі пост у Каталіцкім Касцёле 18 лютага.

Пачаць з пастаноў

Вялікі пост – гэта, перш за ўсё, час дзейнічаць з любоўю да Бога і бліжняга. Замест засяроджвання выключна на тым, ад чаго неабходна адмовіцца, каб духоўна ачысціцца, варта падумаць, што мы можам ахвяраваць Богу ці бліжняму: штодзённая малітва за родных ці дапамога людзям, якія знаходзяцца ў патрэбе. “Міласэрнасці хачу, а не ахвяры” (Мц 9, 13).

Маліцца Божым словам

Lectio divina, што значыць малітоўнае чытанне Бібліі, – дасканалая практыка для часу Вялікага посту. Штодзённа можам чытаць фрагмент Евангелля, прызначаны на канкрэтны дзень, і разважаць над ім у цішыні. “Слова Тваё – светач для маёй нагі і святло для маёй сцежкі” (Пс 119, 105). Святое Пісанне вядзе нас да Бога.
Узяць удзел у велікапосных набажэнствах

Крыжовы шлях і Песні жальбы – вялікія скарбы людской пабожнасці. Яны дапамагаюць разважаць над мукай Хрыста і зразумець, якую вялікую цану Ён заплаціў за збаўленне чалавецтва. “Ён узяў на сябе цярпенні нашыя і панёс нашы хваробы” (Іс 53, 4).

Захоўваць пост у духу радасці

Пост – не якаясьці кара, а дар. Варта адмовіцца ад таго, што не з’яўляецца карысным, што адбірае ў нас час ці сілы. “Калі посціце, не будзьце панурымі, як крывадушнікі” (Мц 6, 16). Езус заахвочвае рабіць гэта ў душэўнай згодзе.

Даваць міласціну

Міласціна, што значыць матэрыяльная або духоўная дапамога, – рэальны выраз любові да бліжняга. Гэта можа быць падтрымка, аказаная пэўнай дабрачыннай арганізацыі, падрыхтоўка пакунку для сям’і, якая знаходзіцца ў патрэбе, ці проста ўсмешка і добрае слова. “Хто мае дзве вопраткі, няхай аддасць таму, хто не мае” (Лк 3, 11).

Знайсці час на адарацыю

Хвіліны, праведзеныя перад Найсвяцейшым Сакрамантам, – магчымасць у цішыні аддаць Богу свае штодзённыя клопаты і планы. Адарацыя вучыць давяраць Хрысту, які дарэшты палюбіў нас (параўн. Ян 13, 1), і быць з Ім блізкімі.

Падрыхтавацца да споведзі

Сакрамант пакаяння і паяднання – сэрца Вялікага посту. Варта зрабіць старанны рахунак сумлення і адкрыцца на Божую міласэрнасць. “Калі ж вызнаём нашыя грахі, то [Бог], верны і справядлівы, адпусціць нам грахі” (1 Ян 1, 9).

Будаваць адносіны ў сям’і

Вялікі пост – гэта таксама час аднаўлення адносін з нашымі блізкімі. Супольная малітва, размова ці жэст прабачэння могуць прынесці больш дабра, чым тое, калі ў адзіноце посцімся. “Як Я палюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго” (Ян 13, 34).

Падрыхтавацца да Вялікадня

Апошнія дні Вялікага посту, асабліва Пасхальны Трыдуум, – кульмінацыя гэтага перыяду. Неабходна праводзіць іх свядома – удзельнічаць у літургіі, разважаць над таямніцай Смерці і Уваскрасення, цешыцца перамогай Хрыста. “Калі Хрыстос не ўваскрос, то вера ваша марная” (1 Кар 15, 17).

Няхай гэтыя парады дапамогуць плённа правесці перыяд Вялікага посту. Няхай Пан умацуе нас у веры, надзеі і любові, ведучы да глыбейшага з’яднання з Ім.

Кс. Юрый Марціновіч

Рэдагавана: 18 лютага 2026