Skip to main content

Асаблівая свечка

ERpL4JNcbhQ

Грамніца – свечка, якая павінна быць у доме кожнага хрысціяніна. Яе запальваюць, прымаючы святыя сакрамэнты, у цяжкія хвіліны, падчас навальніцы ці ў момант смерці. Гэта сімвал Хрыстовага святла, якое разганяе цемру граху кожнага чалавека.

Свята Ахвяравання Пана мы адзначаем 2 лютага.

У гэты дзень у Паўсюдным Касцёле адзначаецца Сусветны дзень кансэкраванага жыцця, устаноўлены Папам Янам Паўлам ІІ.

Прапануем пазнаёміцца з найбольш важнымі звесткамі пра гэтую свечку.

Грамніца – сімвал перамогі над злом і сатаной

Святло грамніцы, якое сімвалізуе Езуса Хрыста, – гэта таксама знак абароны ад зла і сатаны, які заўсёды імкнецца давесці чалавека да знішчэння. Святло разганяе цемру, як Езус Хрыстус збаўляе чалавека і вызваляе ад граху і смерці.

“Спадарожніца” чалавека

Грамнічная свечка стагоддзямі спадарожнічала чалавеку ў найважнейшыя моманты жыцця (падчас хросту, Першай Камуніі, смерці). Сёння гэты звычай знікае, падчас прыняцця сакрамэнтаў у руках трымаюць белыя свечкі, якія не маюць нічога агульнага з грамніцамі.

Грамніца невыпадкова асацыюецца са смерцю, асаблівым і часта найцяжэйшым момантам у жыцці кожнага чалавека. Звычай укладваць грамніцу ў далоні памерлага вядомы ў нашых сем’ях да сённяшняга дня.

Частка народнай традыцыі

Няма іншай свечкі, якая была б так моцна звязана з народнай традыцыяй і абраднасцю. Паводле народных звычаяў, пакрышаныя кавалкі грамніц закопвалі ў зямлю, каб ахоўваць гаспадарку. Ад грамніцы запальваўся агонь у кухні і алейная лямпа, якая гарэла перад святымі абразамі. Дым грамніцы ўдыхалі з надзеяй пазбавіцца ад хвароб зубоў і горла.

Ахова ад навальніцы

Сама назва гэтай свечкі ўказвае на тое, што ў яе шмат агульнага з сіламі прыроды. Тыя, хто рос у вёсцы, напэўна, памятаюць, як іх бацькі ці дзяды падчас навальніцы запальвалі грамніцу і ставілі на акно. Грамніца павінна была ахоўваць не толькі ад маланак, але і ад граду, паводкі і моцнага ветру.

Ахова ад драпежнікаў

Грамніцу выкарыстоўвалі як ахову ад драпежнікаў, асабліва ваўкоў, якія ў зімовую ноч нападалі на хатнюю жывёлу і людзей.

Малітва перад грамніцай:

Учыні, Грамнічная Пані, каб мы, на ўзор Тваёй пакоры, заўсёды ставілі Хрыста – Святло – у цэнтры нашага жыцця і ўсялякіх пачынанняў.

Не дазволь, каб мы, заблытаўшыся ў воўчых падкопах сатаны і яго слуг, бездапаможна блукалі ў цемры граху, безнадзейнасці і нявер’я.

Калі агорне нас змрок сумнення, прыбудзь да нас на дапамогу з запаленай грамніцы і ўчыні, каб яе святло разагнала ўсе “воўчыя зграі”, якія падпільноўваюць нас на кожным этапе жыцця. А калі мы наблізімся да свайго канца, пакажы ў цемры святло Хрыста, Маці Грамнічная, Маці Езуса.

Кс. Юрый Марціновіч

Рэдагавана: 02 лютага 2026