Галоўныя падзеі з жыцця Касцёла

Завяршаецца 2025 год, які неўзабаве зойме сваё пачэснае месца ў гісторыі. Чаму ён быў асаблівы і чым запомніцца?
ПАЎСЮДНЫ КАСЦЁЛ
Юбілейны год хрысціянства.
Юбілей 2025 года, абвешчаны пад дэвізам “Пілігрымы надзеі”, стаў беспрэцэдэнтнай падзеяй у гісторыі сучаснага Касцёла. Гэта быў час шматлікіх адпустаў, звязаных з пілігрымаваннем у папскія базілікі ў Рыме, у санктуарыі і юбілейныя святыні, якія былі вызначаны і ў Беларусі.
На працягу дадзенага перыяду Ватыкан арганізоўваў шматлікія сацыяльныя ініцыятывы, адмысловыя мерапрыемствы для розных мэтавых груп. Вернікі з усяго свету мелі магчымасць скарыстасць з часу асаблівай ласкі, атрымаць духоўны імпульс да абнаўлення і змены свайго жыцця.
Па распараджэнні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, абрад урачыстага закрыцця Юбілейнага 2025 года з бласлаўленнем вернікаў у нашых дыяцэзіях адбудзецца 28 снежня, у свята Святой Сям’і. Юбілейны, або Святы, год абвяшчаецца ў Каталіцкім Касцёле кожныя 25 гадоў.
Выбары новага Папы Рымскага.
Пасля 12 гадоў пантыфікату папа Францішак адышоў па ўзнагароду да Бога. У сувязі з гэтым у Ватыкане быў скліканы канклаў для выбараў новага Папы Рымскага. 267-м Наступнікам апостала Пятра ў гісторыі Касцёла абраны кардынал Роберт Фрэнсіс Прэвост, які ўзяў імя Леў XIV.
Папа Леў XIV працягнуў курс пантыфікату папы Францішка, робячы акцэнт на сацыяльнай справядлівасці, абароне навакольнага асяроддзя, барацьбе з беднасцю, дыялогу, міры і адзінстве Царквы. Разам з тым, Святы Айцец падкрэслівае неабходнасць новых падыходаў да выклікаў ХХІ стагоддзя.
КАСЦЁЛ У БЕЛАРУСІ
Прызначаны Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь.
У якасці новага Апостальскага нунцыя ў Беларусь быў накіраваны мансіньёр Іньяцыё Чэфаліа. Ён змяніў на пасадзе арцыбіскупа Антэ Ёзіча, які завяршыў дыпламатычную службу Святога Пасаду ў нашай краіне ў мінулым годзе. Як адзначыў на пачатку служэння арцыбіскуп Чэфаліа, ён пачынае сваю місію “з глыбокім жаданнем служыць і будаваць масты”, “працаваць дзеля дабра краіны і яе вернікаў”.
Папскі дыпламат ужо наведаў санктуарыі ў Будславе, Тракелях, Браславе, а таксама сустрэўся з Патрыяршым Экзархам ўсяе Беларусі Мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Веніямінам.
Агульнабеларускія дні моладзі.
На ўсебеларускім з’ездзе ў парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне сабралася каля 600 маладых людзей. Хлопцы і дзяўчаты з розных куткоў краіны прыбылі на каталіцкі форум, каб даць сведчанне сваёй веры.
Агульнабеларускія дні моладзі праходзілі ў нашай краіне ў пяты раз. Папярэдні раз яны былі арганізаваны ў 2018 годзе, таксама ў Гродне.
100-годдзе Пінскай дыяцэзіі.
Самая старажытная і найвялікшая па тэрыторыя дыяцэзія Касцёла ў Беларусі адзначыла стогадовы юбілей з часу свайго заснавання. На галоўныя ўрачыстасці, якія адбываліся ў Пінску і Брэсце, прыбыў спецыяльны пасланнік папы Льва ХІV – кардынал Клаўдыа Гуджэроці, прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў.
Іерарх цесна звязаны з Беларуссю: служыў тут Апостальскім нунцыем у 2011–2015 гадах.
ГРОДЗЕНСКАЯ ДЫЯЦЭЗІЯ
Дзяржаўная перарэгістрацыя Гродзенскай дыяцэзіі.
Гродзенская дыяцэзія (поўная назва – мясцовае рэлігійнае аб’яднанне “Гродзенская дыяцэзія Рыма-каталіцкага Касцёла ў Рэспубліцы Беларусь”) прайшла дзяржаўную перарэгістрацыю. Завершаны неабходныя для гэтага працэдурныя дзеянні.
Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Аляксандр Румак перадаў пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі біскупу Гродзенскаму Уладзіміру Гуляю.
Асвечаны новыя капліца і касцёл.
Біскуп-эмерыт Аляксандр Кашкевіч здзейсніў асвячэнне капліцы ў новым мікрараёне Грандзічы гродзенскай парафіі св. Айца Піо. Святыня стала для вернікаў маладой парафіі часовым месцам малітвы, у недалёкай будучыні тут плануецца ўзвядзенне касцёла.
У 2022 годзе быў закладзены фундамент касцёла бл. Міхала Сапоцькі ў Абухаве (дэканат Гродна-Усход). Ён размяшчаецца каля трасы, якая злучае Гродна з Мінскам, паблізу праваслаўнай царквы ў гонар прападобнага Серафіма Сароўскага. Новазбудаваны за кароткі тэрмін храм сёлета асвяціў біскуп Уладзімір Гуляй.
Новыя дыяканы і манах.
Касцёл на Гродзеншчыне ўзбагаціўся ў 2025 годзе сямю новымі дыяканамі. Імі сталі выпускнікі Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне: Марцін Лудзіч, які паходзіць з парафіі Божага Цела ў Крамяніцы, Яраслаў Казлоўскі з парафіі св. Юзафа ў Гродне, Максім Ваўчок з парафіі Маці Божай Тройчы Цудоўнай у Мастах, Дзмітрый Роўны з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Новым Двары, Віталій Сямёнаў і Аляксей Ціхан з парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе, – а таксама Павел Пастушын з парафіі св. Тэрэзы Авільскай у Шчучыне, які належыць да Ордэна духоўных рэгулярных убогіх Маці Божай пабожных школ (піяры).
Брат Уладзімір Лопух з парафіі св. Ганны ў Варончы прынёс вечныя манаскія абяцанні ў Ордэне св. Паўла, Першага Пустэльніка (паўлінаў).
Паводле "Слова Жыцця", Ангеліна Пакачайла
