Skip to main content

Што святыя распавядалі пра неба?

photo 2026 10 30 15 27 17Кожны часам задумваецца, што адбываецца з чалавекам пасля яго скону. А дакладней, куды трапляе бессмяротная душа, калі памірае цела. Некаторым пашчасціла ўбачыць вечнасць асабіста яшчэ пры жыцці або пасля смерці і перадаць нам звесткі аб гэтым досведзе. Вось некалькі поглядаў на неба паводле візій святых.

Св. Фаўстына Кавальская: шчасце ў Богу

Св. Фаўстына апісала ў сваім “Дзённіку” духоўныя падарожжы як у рай, так і ў пекла – гэтыя аб’яўленні пазней былі зацверджаныя Касцёлам. Пасля бачанняў пекла манахіня атрымала ад Езуса Хрыста малітву аб Божай міласэрнасці, каб падзяліцца ёю са светам як зброяй у барацьбе аб збаўленні душ.
“Сёння ў духу я была ў небе і бачыла гэтыя неспасцігальныя хараство і шчасце, якія чакаюць нас пасля смерці. Я бачыла, як усе стварэнні няспынна аддаюць хвалу і чэсць Богу; бачыла, наколькі вялікае шчасце ў Богу, якое разліваецца на ўсе стварэнні, робячы іх шчаслівымі, і вяртаецца да Кроплі ўсялякая хвала і чэсць ад гэтага шчасця, і ўваходзяць у глыбіні Бога, разглядаючы ўнутранае жыццё Бога – Айца, Сына і Святога Духа, якога ніколі не зразумеюць і не спасцігнуць. Гэтая Кропля шчасця нязменная ў сваёй істоце, але заўсёды новая, яна струменіць шчасцем для ўсяго стварэння” (Дз. 777).

Св. Ян Марыя Віянэй: скарб у небе

Св. Ян Віянэй у сваіх казаннях і вучэннях часта нагадваў вернікам пра неба як пра сапраўдную і адзіную канчатковую мэту чалавека. Ён сцвярджаў, што сапраўдны скарб хрысціяніна знаходзіцца ў небе, а не на зямлі, таму менавіта туды павінны скіроўвацца чалавечыя думкі: “Памятайце, дзеці мае: скарб хрысціяніна на нябёсах, а не на зямлі. І туды, дзе ваш скарб, павінны ісці і вашыя думкі”.

Св. Рыгор Вялікі: еднасць і пазнанне без межаў

Св. Рыгор Вялікі казаў пра звышнатуральнае адзінства ўсёй супольнасці святых у небе і іх, верагодна, бясконцых ведах. “Больш за тое, цудоўная ласка дадзена святым на нябёсах: яны пазнаюць не толькі тых, каго ведалі на зямлі, але і тых, каго ніколі раней не бачылі, і размаўляюць з імі, як са старымі знаёмымі, быццам яны заўсёды ведалі і бачылі адзін аднаго, – зазначаў святы. – Таму, калі яны ўбачаць старажытных айцоў у месцы вечнага шчасця, пазнаюць іх адразу, быццам былі знаёмыя ўсё жыццё. Бо калі ў гэтым месцы, у невымоўнай яснасці, агульнай для ўсіх, яны бачаць Бога, то хіба могуць чагосьці не ведаць, калі ведаюць Таго, хто ведае ўсё?”.

Св. Аўгусцін: вечнае трыванне

Св. Аўгусцін лічыў неба, перш за ўсё, вечным і непасрэдным з’яднаннем з Богам, які з’яўляецца Крыніцай усякай радасці. Ён падкрэсліваў, што ў вечнасці пануе пастаяннае трыванне, у той час як зямное жыццё пастаянна мінае: “Там воля наша будзе настолькі ўпарадкавана, што мы не будзем жадаць нічога іншага, акрамя як заставацца там вечна”.

Св. Тэрэза з Лізьё: клопат пра грэшнікаў

Св. Тэрэза ад Дзіцятка Езуса ўспрымала неба не як далёкую ўзнагароду пасля смерці, а як дынамічную рэальнасць любові, якая пачынаецца ўжо на зямлі. Малая Тэрэза лічыла, што на нябёсах яна не перастане любіць і клапаціцца пра грэшнікаў і патрабуючых; наадварот, аб’яднаўшыся з Богам, яна зможа дзейнічаць яшчэ больш эфектыўна. Яна таксама сказала з дзіцячай прастатой: “Я буду маленькай зладзейкай... Шмат рэчаў з неба знікне, бо я ўкраду іх і прынясу вам”.

Урачыстасць Усіх Святых адзначаецца ў Касцёле 1 лістапада.

Паводле “Слова Жыцця”, кс. Юрый Марціновіч

Рэдагавана: 30 кастрычніка 2026