10 крокаў да лепшай малітвы ад Тэрэзы Авільскай
Св. Тэрэза Авільская адрознівалася незвычайнай мужнасцю і глыбокім духоўным жыццём. Для сучасных людзей яна можа быць надзейным правадніком на шляху малітвы.
Містык і рэфарматар кармэліцкага ордэна лічыла, што малітва – гэта не механічнае паўтарэнне слоў, а знаходжанне сам-насам з Богам, які заўсёды побач з чалавекам. Бачыла ў малітве заснаваныя на любові адносіны, для якіх патрабуецца не шмат мудрых думак, а шчырая адданасць сэрца. Размова з Богам была для св. Тэрэзы крыніцай сілы, супакою і ўнутранага жыцця.
С. Тэрэза ад Езуса прапануе 10 крокаў, здольных палепшыць нашу малітву.
1.“Малітва, каб быць праўдзівай, павінна падтрымлівацца постам, дысцыплінай і маўчаннем, таму што малітва і клопат аб сваім задавальненні несумяшчальныя”.
2.“Увесь падмурак малітвы павінен быць заснаваны на пакоры. Чым больш душа прыніжаецца ў малітве, тым больш Бог узносіць яе”.
3.“Першае вучэнне, якое дае нам нябесны Настаўнік у дачыненні да малітвы, – маліцца адасоблена, як Ён сам заўсёды рабіў, не таму што гэта было патрэбна Яму самому, а каб навучыць нас сваім прыкладам”.
4.“Шлях малітвы заключаецца не ў тым, каб шмат думаць, а каб моцна любіць, таму рабіце менавіта тое, што больш пабуджае вас да любові”.
5.“Малітва Панская будзе для вас найлепшай кнігай, чытаючы якую з любоўю і пакорай і захоўваючы руплівасць у гэтым, нічога больш не будзеце патрабаваць”.
6.“Не працягласць часу, затрачанага на малітву, сведчыць аб прагрэсе душы. Бо і гэтыя знешнія паслугі, калі на іх праз паслухмянасць ці для карысці іншых траціце час, будуць вам вялікай дапамогай для ўнутранага прагрэсу, і ў адно імгненне могуць лепш прыстасаваць вас да запалу Божай любові, чым доўгія гадзіны разважанняў”.
7.“Маліцца за душы, якія знаходзяцца ў смяротным граху, – гэта сапраўды вялікая міласціна і справа ў найвышэйшай ступені міласэрная”.
8.“Няўважлівасць у малітве – рэч непазбежная. Не звяртайце ўвагі на ўяўленне і яго выхадкі. Няхай сабе лятае і круціцца гэтая млынавая трашчотка, як ёй падабаецца, а мы тым часам будзем малоць сваю муку: спакойна, працягваючы працаваць воляй і розумам”.
9.“Я не разумею, чаго палохаюцца тыя, хто баіцца пачаць малітву ў думках. Дэман добра ведае, што робіць, выклікаючы гэты страх, каб сапраўды нанесці нам шкоду, таму што, абуджаючы гэтыя страхі, ён прымушае не думаць пра тое, чым я абразіла Бога, як шмат Яму павінна, ці пра тое, што існуе пекла і хвала, пра вялікую працу і пакуты, якія Пан перажыў дзеля мяне”.
10.“Праз малітву – калі душа ў ёй вытрывае, нягледзячы на грахі, спакусы і падзенні тысячамі спосабаў, якія дэман падсоўвае, – Пан прывядзе яе, нарэшце, у порт збаўлення”.
Літургічны ўспамін св. Тэрэзы Авільскай, панны і доктара Касцёла, адзначаецца 15 кастрычніка.
Паводле “Слова Жыцця”, кс. Юрый Марціновіч
