Skip to main content

5 назіранняў Малой Тэрэзы

cq5dam.thumbnail.cropped.1500.844 40Св. Тэрэза з Лізьё, яна ж Малая Тэрэза, у 15-гадовым узросце захацела стаць сястрой кармэліткай і пабудавала сваю духоўнасць на глыбокім сяброўстве з Езусам.

С. Тэрэза ад Дзіцятка Езуса сцвярджала, што Бог не мае патрэбы ў нашых вялікіх справах, а толькі каб спадзяваліся на Яго і давяралі. Маладая манахіня заўсёды прагнула быць як маленькае дзіця ў абдымках Айца. “Я не хачу станавіцца вялікай: павінна быць такой, якая ёсць, з усімі сваімі недахопамі. Але я хачу знайсці спосаб патрапіць у Неба, якую-небудзь маленькую дарогу, вельмі прамую і вельмі кароткую”, – казала яна.

Назіранні гэтай незвычайнай святой, якая пражыла 24 гады, 9 з якіх правяла ў Кармэлі, могуць змяніць погляд на наша жыццё ў эпоху развіцця высокіх тэхналогій, штучнага інтэлекту і вялікай духоўнай адзіноты. Якімі разважаннямі дзялілася Малая Тэрэза?

1.“На схілку жыцця я стану перад Табой з пустымі рукамі, таму што не прашу Цябе, Пане, каб палічыў мае справы. У Тваіх вачах час – нішто, адзін дзень – як тысяча гадоў, і Ты ў адзін момант можаш падрыхтаваць мяне, каб стала перад Табой”.

2.“Божа, прагну, каб тыя, каго мне даў, былі са мной там, дзе буду. Я не сцвярджаю, што яны не маглі б дасягнуць славы, якая значна пераўзыходзіць тую, што пажадаеш мне даць, але проста хачу папрасіць Цябе, каб мы ўсе калі-небудзь злучыліся ў Тваім цудоўным Небе”.

3.“Я не выходжу на першае месца, а застаюся на апошнім. Замест таго, каб выступаць наперад з фарысеямі, з даверам паўтараю пакорную малітву мытніка, перш за ўсё, пераймаючы паводзіны Магдалены. Яе надзвычайную – ці, хутчэй, поўную любові – смеласць, якая зачаравала Сэрца Езуса і захапляе мяне”.

4.“Я ніколі не чула Яго, але адчуваю, што Госпад ува мне, у кожную хвіліну. Ён накіроўвае мяне і падказвае, што павінна сказаць ці зрабіць. Менавіта тады, калі мне гэта трэба, адкрываю святло, якога раней не бачыла. Звычайна гэта адбываецца не падчас малітвы, а сярод паўсядзённых заняткаў”.

5.“Аднаго слова, адной добрай усмешкі дастаткова, каб развесяліць сумную душу. Аднак я хачу практыкаваць любоў да бліжняга зусім не для гэтай мэты, бо так вельмі хутка знеахвоцілася б, таму што слова, прамоўленае з найлепшым намерам, можа быць успрынята зусім процілегла”.

Літургічны ўспамін св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса, панны і доктара Касцёла, адзначаецца 1 кастрычніка.

Паводле “Слова Жыцця”, кс. Юрый Марціновіч

Рэдагавана: 01 кастрычніка 2026