Мучанік любові
Св. Максімільян Марыя Кольбэ быў чалавекам, чыё сэрца з юнацтва білася ў рытме любові да Багародзіцы. У дзяцінстве ў яго было незвычайнае бачанне: Марыя трымала ў руках дзве кароны – белую, сімвал чысціні, і чырвоную, сімвал мучаніцтва, – пытаючыся, якую з іх выбярэ. Ён адказаў без ваганняў: “Абедзве”. Гэты выбар звязаў яго з Багародзіцай на ўсё жыццё, ажно да пакутніцкай смерці.
“Крыніца супакою ў тым, каб падпарадкавацца волі Божай: рабіць усё, што ў нашых сілах, пакінуць усё астатняе намаганням Божага Провіду і даверыцца, як дзіця, Маці сваёй найлепшай” (св. Максімільян Кольбэ).
Імя з хросту
Раймунд Кольбэ нарадзіўся ў 1894 годзе ў Здуньскай Волі недалёка ад Лодзі (Польшча) у небагатай, але вельмі пабожнай і патрыятычнай сям’і. Яго бацькі належалі да ІІІ Ордэна св. Францішка Асізскага.
Францысканец
У 1907 годзе Раймунд паступіў у ніжэйшую семінарыю францысканцаў канвентуальных. Праз тры гады распачаў навіцыят і прыняў імя Максімільян. Падчас вечных абяцанняў узяў у гонар Маці Божай яшчэ другое імя – Марыя.
Заваяванне космасу
Максімільян быў чалавекам вельмі таленавітым. У Рыме атрымаў дзве доктарскія ступені (па філасофіі і тэалогіі). Падчас навучання падрыхтаваў артыкул Etereoplan пра міжпланетны транспартны сродак, які спраектаваў сам. Цікавіўся таксама матэматыкай і фізікай.
Рыцарства Беззаганнай
Пад уплывам шырокамаштабных антыкаталіцкіх дзеянняў а. Кольбэ заснаваў Рыцарства Беззаганнай (Militia Immaculatae). Мэтай гэтага таварыства была барацьба за навяртанне схізматыкаў, ерэтыкоў і масонаў. У 1939 годзе аб’яднанне налічвала каля 4000 чалавек па ўсім свеце.
Заснавальнік каталіцкага часопіса
Вярнуўшыся ў 1919 годзе на радзіму, а. Максімільян заклікаў субратоў і свецкіх даверыць сябе Богу праз Марыю і працаваць для збаўлення іншых людзей. Настаяцелі, занепакоеныя яго празмернай актыўнасцю і інвестыцыямі, якія маглі загубіць ордэн фінансава, перавялі айца з Кракава ў Гродна. На новай пляцоўцы а. Максімільян працягваў займацца Апостальскай дзейнасцю і, акрамя таго, набыў станок, на якім друкаваў часопіс “Рыцар Беззаганнай”. За пяць гадоў (1922–1927) яго тыраж павялічыўся з 5 тысяч да 70 тысяч копій.
Будаўнік Непакалянава
У 1927 годзе на ахвяраваным участку ў маёнтку Тэрэсін (Польшча) францысканец пачаў будаваць манастыр, капліцу і выдавецтва. Увесь комплекс, які складаўся ў асноўным з драўляных пабудоў, ён назваў Непакалянавам. У пэўны час у манастыр штогод паступала каля 1800 кандыдатаў. А. Кольбэ асабіста выбіраў каля сотні, якіх прымалі ў ордэн. Асноўным крытэрыем было імкненне кандыдата да святасці. Непакалянаў з’яўляўся найбуйнейшым каталіцкім кляштарам у свеце – у ім жыло каля 700 братоў.
Сад Беззаганнай у Японіі
У 1930 годзе а. Кольбэ заснаваў у Японіі, куды ездзіў з місіянерскай дзейнасцю на 6 гадоў, цэнтр, падобны на польскі Непакалянаў (Mugenzai no Sono – Сад Беззаганнай), які складаўся з манастыра, касцёла і выдавецтва.
Дапамога ахвярам вайны
Пасля пачатку Другой сусветнай вайны ў 1939 годзе францысканцы Непакалянава былі арыштаваныя. Калі іх вызвалілі, а. Максімільян сабраў вакол сябе братоў і заняўся дапамогай мясцоваму насельніцтву, а таксама пераселеным асобам, сярод якіх было каля 2 тысяч яўрэяў. Ён адкрыў у Непакалянаве майстэрні, якія павінны былі стаць для іх крыніцай сродкаў да існавання: кузню, бляшаную майстэрню, майстэрню па рамонце веласіпедаў і гадзіннікаў, фотаатэлье, кравецкую і шавецкую майстэрню.
Святарскае служэнне
У лютым 1941 года а. Максімільян быў зноў арыштаваны, а затым вывезены ў канцэнтрацыйны лагер у Асвенцым. Яго абражалі, прыніжалі і мучылі голадам. Хоць сам жудасна пакутаваў, суцяшаў іншых зняволеных, дзяліўся з імі ежай і служыў ім святаром.
Мучаніцкая смерць
Загінуў у Асвенцыме ў 1941 годзе, дзе вызваўся на смерць замест іншага зняволенага, які асіраціў бы сям’ю. Яго цела было спалена ў крэматорыі.
Узвядзенне да хвалы алтара
Узвядзенне а. Максімільяна Марыі Кольбэ да хвалы алтара стала пэўным феноменам у гісторыі Касцёла. Ён быў беатыфікаваны папам Паўлам VI у 1971 годзе як вызнаўца, а кананізаваны папам Янам Паўлам II у 1982 годзе як мучанік.
Літургічны ўспамін св. Максімільяна Марыі Кольбэ, заступніка Гродзенскай дыяцэзіі, адзначаецца ў Касцёле 14 жніўня.
Паводле "Слова Жыцця", кс. Юрый Марціновіч
