Skip to main content

Гісторыя паўстання

uroczystosc swietych apostolow piotra i nbsp pawla 20240622190129Два розныя шляхі, розныя характары, цалкам розныя спосабы бачання свету. І, нягледзячы на ўсё гэта, іх аб’ядноўваў агульны досвед: уласная слабасць і крохкасць была акунута ў бясконцую любоў Бога.

Святыя апосталы Пётр і Павел сваімі рознымі гісторыямі жыцця і сустрэчы з Езусам Хрыстом злучаюць, як спражкай, усе сцежкі Яго пазнання ў жыцці. Пётр ішоў за Езусам поўны запалу, хоць не разумеў да канца Яго місіі. Павел змагаўся з Ім як з ворагам. Першы хацеў указваць Езусу напрамак дзейнасці і гатовы быў аддаць жыццё за Настаўніка, а другі спрабаваў сцерці ўсялякія сляды Бога, а таксама праследаваў Яго вучняў.

“І ўжо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстос” (Гал 2, 20). Гэтыя словы могуць быць дэвізам супольнай місіі святых апосталаў Пятра і Паўла.

Пётр адрокся, Павел не хацеў нават пазнаць Хрыста. Адзін мусіў горка заплакаць, а другі – аслепнуць. Але як адзін, так і другі пакліканы былі звесці сваё жыццё з прабачальнай любоўю ўваскрослага Пана, які не асудзіў іх, а ператварыў у свае прылады евангелізацыі. Дзякуючы ім Евангелле дасягнула канцоў тагачаснага свету.

Гісторыі жыцця абодвух апосталаў і іх досвед блізкасці Бога могуць быць для сучасных людзей люстэркам, у якім яны бачаць і шукаюць натхнення для сябе. Многія шчыра перакананы ў сваёй любові да Бога: захоўваюць запаведзі, ставяць Госпада на першае месца, глыбока перажываюць, калі блізкія аддаляюцца ад Бога і Касцёла… Чалавек адчувае ўласныя слабасці і нявернасць, калі спрабуе навязаць Стварыцелю свой спосаб разумення свету і вырашэння яго праблем. І, нарэшце, сам адварочваецца ад Бога, упадаючы ў грахі і нявернасць.

У жыцці кожнага з нас паўтараецца гісторыя слабасці святых апосталаў, а значыць, можа паўтарыцца таксама гісторыя іх паўстання і любові ў Езусе ўваскрослым.

Яны атрымалі ад Бога шанс. Нягледзячы на тое, што з чалавечага пункту гледжання абодва заслугоўвалі, каб Бог ад іх адвярнуўся, Ён выбраў менавіта гэтых апосталаў быць вестунамі Евангелля. Пётр пачуў словы Езуса: “Ідзі за Мной” (Ян 21, 19). Паўла Хрыстус вёў такім чынам, што ён стаў руплівым вестуном і абаронцам місіі Касцёла сярод язычніцкіх народаў.

Апосталы з’яўляюцца для нас стаўпамі Касцёла не толькі таму, што засноўвалі супольнасці веруючых і, устанаўліваючы там старэйшых, будавалі фундамент сённяшняй іерархіі Касцёла, а, найперш, таму, што зведалі ўсё тое, што зведвае кожны хрысціянін у сваёй веры і адносінах з Езусам. Шчырая сустрэча з жывым Хрыстом заўсёды перамяняе жыццё чалавека, надае яму сэнс. Гэтая сустрэча здзяйсняецца не толькі ў выключныя моманты, але і праз штодзённае дзеянне Божай ласкі ў Касцёле, асабліва праз Божае слова і святыя сакраманты.

Святыя Пётр і Павел нагадваюць нам, што святасць – гэта не ўзнагарода выключна для абраных, а плён супрацоўніцтва чалавека з ласкай Бога. Знойдзем жа сябе ў гісторыі гэтых апосталаў і будзем прасіць уваскрослага Пана, каб і мы, нягледзячы на розныя перыпетыі жыцця, слабасці і грахі, з кожным днём станавіліся ўсё больш руплівымі вестунамі Евангелля там, куды нас пасылае Божы Провід.

Урачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла адзначаецца ў Касцёле 29 чэрвеня.

Паводле "Слова Жыцця", кс. Юрый Марціновіч

Рэдагавана: 29 чэрвеня 2026