Skip to main content

У Бога ёсць план для кожнага

bogoyavlenie2 2 1Гэты прарок падрыхтаваў дарогу Езусу Хрысту, праз дар пакаяння праклаў Яму шлях у чалавечых сэрцах. Сам Хрыстос сцвярджаў, што не было чалавека большага за Яна Хрысціцеля (параўн. Мц 11, 11).

Веліч св. Яна Хрысціцеля заключалася ў яго вялікай пакоры. Прароку здзіўляліся вучні (сярод іх былі і некаторыя з Апосталаў – Андрэй, Ян), якія думалі, што, можа, ён з’яўляецца абяцаным Месіяй. Аднак Ян Хрысціцель казаў, што пасля яго прыйдзе Той, каму не годны развязаць раменьчык на сандалях (параўн. Ян 1, 27).

Св. Ян Хрысціцель стаў “святлом народаў”, каб “збаўленне Божае дасягнула аж да краю зямлі” (Iс 49, 6).

У гэтага святога не было фальшывай пакоры. Нават калі сам Езус прыйшоў да яго прыняць хрост, Ян чакаў больш “змены роляў”, чым хросту Збаўцы свету. Але калі Хрыстос не згадзіўся з гэтым (параўн. Мц 3, 15), Ян прыняў вялікі гонар і ахрысціў самога Месію.

Ян Хрысціцель не баяўся магутных. Ён сказаў каралю Іраду ІІ Антыпе праўду аб яго незаконным саюзе прама ў вочы. Гэтая праўда вызваліла прарока для жыцця ў небе, бо стала прычынай мучаніцтва.

Жыццё Яна Хрысціцеля было прасякнута аскезай. Для нас, сучасных людзей, ісці сёння ў пустыню, каб наблізіцца да Бога, было б вялікім выклікам. Ян жыў у гэтай пустыні, яна была для яго домам. Безумоўна, наследаванне прароку не азначае літаральна есці саранчу і дзікі мёд, апранацца ў вярблюджую воўну, але тут і цяпер мы можам браць прыклад з яго ўстрыманасці. У чым? Ва ўсім, чаго ў нашым жыцці занадта шмат: пустых размовах, ежы і піцці, камп’ютарных гульнях, пагоні за модай, матэрыялізме...

Жыццё Яна Хрысціцеля было ўпарадкаваным, бескампрамісна сціплым. Яно было накіравана на служэнне – місію, да якой прарока паклікаў Бог. Таму варта, магчыма, спытаць сябе: наколькі маё жыццё з гэтым пераклікаецца і што я магу зрабіць, каб браць прыклад з гэтага святога?

Нараджэнне Яна Хрысціцеля мела мэту ў Божым плане збаўлення, у яго місіі, пакліканні. Бог не толькі адарыў прарока задачай для выканання, але і ахвяраваў яму разам з гэтай задачай усялякія здольнасці для яе рэалізацыі. Адарыў шчодра, не пашкадаваў сваёй ласкі.

Ва ўрачыстасць Нараджэння св. Яна Хрысціцеля варта зірнуць на сябе, на сваё прызначэнне, бо і мы адораны Божай ласкай. Яна нястомна запрашае нас супрацоўнічаць з Творцам, адкрываць сэнс свайго жыцця, прыгажосць паклікання, радасць адорвання. Мы ўмілаваныя дзеці Бога, і ў Яго для кожнага ёсць найлепшы план.

Урачыстасць Нараджэння св. Яна Хрысціцеля адзначаецца ў Касцёле 24 чэрвеня.

Кс. Юрый Марціновіч

Рэдагавана: 27 чэрвеня 2026