Skip to main content

Iсці і абвяшчаць

Evangelist Mark

Хоць св. Марк не належаў да вузкага кола дванаццаці апосталаў Хрыста, ён першы напісаў для нас Евангелле – Добрую Навіну аб Езусе з Назарэта, Божым Сыне.

Паводле традыцыі, св. Марк быў аўтарам найстарэйшага і адначасова найкарацейшага з Евангелляў. Сучасныя экзэгеты сцвярджаюць, што ён пісаў для хрысціян, навернутых з язычніцтва, змясціўшы ў Евангеллі, у першую чаргу, вучэнне св. апостала Пятра. Св. Марк тлумачыў чытачам юдэйскія звычаі, якіх тыя не ведалі.

Выкарыстоўваючы простую мову, стараўся дакладна апісаць, найперш, учынкі і цуды, здзейсненыя Месіяй. Праз гэта хацеў паказаць, што Езус Хрыстус – сапраўды Божы Сын, як ён падкрэслівае гэта ў першым сказе свайго Евангелля (параўн. Мк 1, 1).

Св. Марк засяроджваецца, галоўным чынам, на перадачы хрысціянскай керыгмы, значыць абвяшчэння Езуса Хрыста, які праз свой крыж і ўваскрасенне адкупіў кожнага чалавека. Ужо ў самым пачатку св. Марк адзначае, што мэтай, якую ён меў, калі пісаў гэтае Евангелле, было прывесці чытача да адкрыцця праўды і прызнання ў Езусе Божага Сына.

На дадзеную мэту ўказваюць таксама словы евангеліста, дзе гучыць заклік: “Ён сказаў ім: «Ідзіце па ўсім свеце і абвяшчайце Евангелле ўсякаму стварэнню»” (Мк 16, 15). Гэта азначае наказ, абавязак, значыць тое, што з’яўляецца не якойсьці неабавязковай парадай, а неабходнай задачай. Гэтыя словы Езус прамовіў пасля ўваскрасення як своеасаблівы запавет і ўвянчанне зямной місіі, а адначасова як выклік і высыланне вучняў працягваць справу абвяшчэння Евангелля.

Словы Хрыста звернуты да кожнага хрысціяніна, які моцай святога хросту быў пакліканы, каб ісці і абвяшчаць (параўн. Мк 16, 15). Езус хоча, каб мы ўключыліся ў справу евангелізацыі. Гэтую місію немагчыма выканаць, утульна седзячы ў фатэлі. Мы павінны вырушыць у шлях, каб падарыць свету Евангелле аб Езусе Хрысце, Божым Сыне. Задачай хрысціяніна з’яўляецца здзяйсненне евангелізацыі ў сям’і, універсітэце, школе, на працы, у разнастайных месцах сваёй прысутнасці.

Сёння існуе яскравая патрэба ў новай евангелізацыі, патрэба ў Евангеллі, якое пілігрымуе разам з чалавекам. Езусу патрэбны мужчыны і жанчыны, здольныя стаць пад крыжам, мужна і адважна, з прастатой і даверам, якія не залежаць ад чалавечых меркаванняў, калі трэба даць сведчанне і чыніць дабро. Яму патрэбны людзі радасныя, якія абіраюць у якасці фундаменту свайго жыцця веру, малітву і сардэчную блізкасць з Ім.

Няхай св. Марк, які лічыцца ў Каталіцкім Касцёле апекуном новай евангелізацыі, праз сваё заступніцтва перад Богам дапамагае нам знаходзіць новыя шляхі да сэрца іншага чалавека, каб прынесці туды Хрыста.

Свята св. евангеліста Марка адзначаецца ў Касцёле 25 красавіка.

Кс. Юрый Марціновіч

Рэдагавана: 25 красавіка 2026