Skip to main content

Адкрыты на Бога

sw kazimierz 2017

Кожны год вясна пачынаецца з літургічнага ўспаміну св. каралевіча Казіміра, апекуна Гродзенскай дыяцэзіі. Усё жыццё ён нястомна рыхтаваўся да сустрэчы са сваім Адкупіцелем і Панам, а таксама з Найсвяцейшай Маці, якой так моцна давяраў і якой дазволіў весці сябе шляхам веры і чыстай любові.

У каралевіча Казіміра, які жыў у XV стагоддзі, было добрае выхаванне, не было занядбана і духоўнае жыццё. Ён меў мяккі характар, быў адкрытым на людзей.

У штодзённым жыцці, пастаянным элементам якога былі дзяржаўныя справы, каралеўскі сын знаходзіў час на сустрэчу з Богам у Эўхарыстыі, малітве і адарацыі.

Вера мела такое вялікае значэнне, што ўплывала на ўсе яго выбары і рашэнні. Заўсёды заставаўся адкрытым на сяброўства з Езусам, якому быў адданы і якому падпарадкоўваў сваю рэчаіснасць.

Памёр ад туберкулёзу 4 сакавіка 1484 года ў гродзенскім замку ва ўзросце ўсяго 26 гадоў. Цела маладога каралевіча было пахавана ў віленскай катэдры, дзе знаходзіцца і сёння. Кананізацыя адбылася ў 1604 годзе.

Св. Казімір застаецца натхненнем для новых пакаленняў. Яго жыццё паказвае, што святасць магчымая незалежна ад грамадскага статусу ці часоў, у якія мы жывём.
Для маладых людзей св. Казімір з’яўляецца ўзорам цнатлівасці і ўнутранай дысцыпліны. Каралевіч прынёс абяцанне чыстасці і захаваў яго да канца жыцця, што сёння, у свеце, поўным спакус і маральнага рэлятывізму, уяўляецца незвычайна натхняльным.

Для людзей, якія здзяйсняюць якуюсьці ўладу, ён застаецца ўзорам таго, хто прымае мудрыя рашэнні. Рашэнні, якія прымаў св. Казімір, былі разважлівымі і вынікалі з клопату пра агульнае дабро. Сучасныя палітыкі і лідары могуць браць прыклад з паводзін святога каралевіча, які апіраўся на вечныя каштоўнасці, а не на асабістыя амбіцыі і прывілеі.

Для ўсіх людзей гэта прыклад чалавека веруючага, які нагадвае, што кожны хрысціянін пакліканы да святасці. Не толькі духавенства ці асобы кансэкраванага жыцця, але і свецкія людзі могуць дасягнуць святасці, сумленна спаўняючы свае абавязкі і жывучы згодна з Евангеллем.

Звернем увагу ў гэты Вялікі пост на жыццё св. Казіміра і на пасланне, якое ён пакінуў. Няхай вядзе нас шляхам малітвы, глыбокай веры, адарацыі Эўхарыстыі, сапраўднага пераймання прыкладу Маці Божай і служэння іншым. Няхай натхняе нас аднаўляць свае сэрцы, каб маглі знайсці шлях да святасці ў штодзённым жыцці. І няхай гэты шлях вядзе ўсіх нас у шэрагі збаўленых.

Няхай святасць жыцця каралевіча Казіміра будзе для нас арыенцірам, як правесці сваё жыццё і дасягнуць хвалы неба.

Свята св. каралевіча Казіміра адзначаецца ў Касцёле 4 сакавіка.

Кс. Юрый Марціновіч

Рэдагавана: 04 сакавіка 2026