Skip to main content

“Ад стомленасці да адзінства”: аповед сям’і пасля рэкалекцый “Сужэнскіх сустрэч”

4 1

Рух “Сужэнскія сустрэчы” час ад часу праводзіць рэкалекцыі, чарговыя з якіх пройдуць з 6 па 8 сакавіка ў Росі. Адна з сем’яў, якія ўдзельнічалі ў такіх рэкалекцыях, дзеліцца сваёй гісторыяй.

Aліна: “Мы Руслан і Аліна Жук, у сужэнстве 17, 5 гадоў. Выхоўваем траіх дзяцей (пакуль што)”.

Руслан: “Гэта невялікі, але ў той жа час вялізны тэрмін, на працягу якога былі ўзлёты і упадкі, радасць і гора і шмат іншага. Сумесна мы пераадолелі вялізны шлях і прыйшлі да таго, што маем сёння”.

Aліна: “На рэкалекцыі ад “Сужэнскіх сустрэч” упершыню трапілі ў маі 2025 года. Але трапілі мы на іх не зусім лёгка”.

Руслан: “У адну з нядзель пасля Імшы ў нашай парафіі да нас падышлі знаёмыя, ужо нам блізкія. У размове была закранута тэма рэкалекцый “Сужэнскіх сустрэч”. Па словах знаёмых, яны знаходзіліся пад вялікім уражаннем. Мы таксама вырашылі паўдзельнічаць у рэкалекцыях і паспрабавалі запісацца, але не хапіла месцаў”.

Аліна: “Памятаю, як упершыню даведалася пра рэкалекцыі для сужэнцаў увосень 2024 года. Тады якраз набіралі новых жадаючых на ўікенд на снежань. Але жадаючых было так шмат, што мы трапілі толькі ў іх спіс. Паколькі ахвотных было так шмат, мне сказалі, што наступных рэкалекцый доўга чакаць не прыйдзецца. І менавіта таму я, калі ў студзені 2025 года даведалася пра сямейны курс, была ўпэўнена, што гэта тое самае, доўгачаканае. Але ў Бога былі іншыя планы. Гэта быў іншы курс, ад руху “Эхад”, ён быў для нас нібы своеасаблівай падрыхтоўкай. Пасля яго мы ўжо канчаткова зразумелі, што наперадзе нас чакаюць вялікія змены! Але тады нават не здагадваліся, якія…”

Руслан: “Наступны ўікенд ад “Сужэнскіх сустрэч” мы не прапусцілі, запісаліся сярод першых. І вось наступае пятніца, час ад’езду, вельмі хвалюемся, але з Божай дапамогай і малітвай пакідаем дзяцей бабулі і едзем за незвычайнымі ўражаннямі, порцыяй добрага і пазітыўнага настрою, а таксама новымі знаёмствамі”.

Аліна: “У той час мы былі стомленымі бацькамі траіх дзяцей (15, 11 і амаль 9 гадоў). Нам вельмі хацелася паспрабаваць аднавіць нашыя адносіны, і таму з вялікай ахвотай мы ўспрынялі магчымасць прысвяціць час адно аднаму.

Фармат рэкалекцый адрозніваўся ад папярэдніх. Тым больш што знаёмыя і сябры, якія ўжо іх прайшлі, нам вельмі раілі і рэкамендавалі паўдзельнічаць менавіта ў гэтых сустрэчах. І таму перспектыва паглыбіць нашыя адносіны выклікала інтарэс і надзею, што зможам перажыць моцныя пачуцці і паглыбіць нашыя адносіны, зрабіць іх больш якаснымі і глыбокімі.

На рэкалекцыях мы атрымалі поўныя практычныя інструменты, каб будаваць свой асабісты дыялог. Тым больш што там створана вельмі спрыяльная атмасфера дабрыні, узаемападтрымкі і прыняцця. Мы практыкаваліся весці дыялог, абапіраючыся на свае пачуцці. Зараз ужо стараемся не толькі слухать адно аднаго, але і чуць (а гэта не заўсёды адно і тое ж).

Атрыманыя на рэкалекцыях правілы дыялогу вельмі дапамагаюць нам сёння не толькі ў адносінах паміж намі як сужэнцамі. Я стала заўважаць, што інтуітыўна выкарыстоўваю іх пры размове і з бацькамі, і з калегамі на працы, і з дзецьмі. І дамаўляцца, знаходзіць кампрамісы стала куды лягчэй”.

Руслан: “Рэкалекцыі “Сужэнскіх сустрэч” сталі асаблівым перыядам адкрыцця пачуццяў, разважанняў. Мне ўдалося сказаць сваёй каханай усё, што раней не мог ці баяўся. На працягу нашых дыялогаў мы нанова пражывалі розныя пачуцці – ад  смутку да радасці.  Плакалі, смяяліся, абдымаліся, спрачаліся, мірыліся. Менавіта гэты час, на ўікендзе, так моцна нас з’яднаў і так згуртаваў нашыя пачуцці, што нават сёння, калі мы пішам гэтыя словы, хочацца вярнуцца назад, у той час, і нанова адчуць тыя ж пачуцці аднаго цэлага і адзінства”.

Аліна: “Праз невялікі час (два месяцы) пасля ўікенду я паехала на ўрачыстасць Маці Божай Будслаўскай і вельмі малілася аб зменах у сваім жыцці. Усё неяк адначасова навалілася: стомленасць, быт, праблемы на працы, і адносіны з мужам мы пасля рэкалекцый толькі нанова нібы вучыліся будаваць. Я адчувала сябе зусім бездапаможнай. І мае маленні былі пачуты! Толькі я не думала, што гэта будзе так хутка і такім чынам. Праз тыдзень мы даведаліся, што зноў станем бацькамі. Сказаць, што здзівіліся – гэта нічога не сказаць. Але прайшоў час, і ўжо зараз мы ўсе з радасцю і вялікай пяшчотай чакаем гэтае дзіцятка. І адносіны паміж намі зусім іншыя зараз: больш глыкокія, поўныя падтрымкі і падзякі. Мы ведаем нашыя недахопы і слабыя месцы, але мы разам, і разам з Панам Богам зможам усё адолець – нават чацвярых дзяцей!

І хачу сказаць, што праблемы і цяжкасці нікуды не зніклі, проста зараз мы глядзім на іх інакш”.

Руслан: “Можна сказаць упэўнена: уікенд ад “Сужэнскіх сустрэч” дапамог нам зразумець адно аднаго, зблізіцца. Мы сталі больш шчырымі ў размовах, адкрытымі ў пачуццях, навучыліся прабачаць з усяго сэрца, а не толькі на словах, цаніць адно аднаго, і шмат іншага, важнага для нашых адносін…

Канешне, у той момант мы знаходзіліся ў эйфарыі, што атрымалі столькі шмат усяго: і новыя адносіны – больш глыбокія і пранікнёныя, і новыя знаёмствы, духоўную сям’ю. Але ў душы мы разумелі, што гэтыя пачуцці з цягам часу пачнуць гаснуць. І таму, каб гэтага не адбылося, мы павінны сістэматычна працаваць над сабой, над сваімі адносінамі. Мы разумелі, што гэта вельмі доўгі і зусім нялёгкі працэс, але мы ўпэўнены, што менавіта ён прыносіць для нашай сям’і добры плён. І таму пасля рэкалекцый мы далучыліся да групы “Сужэнскіх сустрэч” у Гродне. З таго часу стараемся штомесяц браць удзел у яе сустрэчах і аднаўляць, рамантаваць свае адносіны, практыкуючы дыялог.

Сёння можам з упэўненасцю сказаць, што нашыя адносіны сталі нашмат мацнейшымі, мы не баімся выказваць свае думкі і пачуцці і імкнёмся быць дастаткова добрымі разам з Панам Богам”.

Рэкалекцыі ў Росі (Ваўкавыскі раён Гродзенскай вобласці) пройдуць у рэкалекцыйным доме “Голас Айца”. Падрабязная інфармацыя і запіс па нумары:

+375 29 652 11 44

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Рэдагавана: 26 студзеня 2026