Skip to main content

“Ключ” да сапраўднага шчасця

Swieta RodzinaМы, людзі веруючыя, нярэдка задумваемся, што павінна быць фундаментам кожнай каталіцкай сям’і. Задумваемся, што павінна аб’ядноўваць нашы хрысціянскія дамы, каб яны былі прасякнуты духам разумення і прабачэння.

Здаецца, ёсць выключныя сем’і, дзе ўсе яе члены жывуць у адзінстве і згодзе, узаемнай павазе і вялікай любові. Хочацца таксама знайсці сродак, дзякуючы якому можна пазбегнуць шматлікіх спрэчак і непаразуменняў з самымі блізкімі.

Свята Святой Сям’і, якое перажываем кожны год адразу пасля Божага Нараджэння, дапамагае знайсці адказ на гэтыя пытанні. Каталіцкую сям’ю, акрамя сувязяў крыві і блізкіх адносін, аб’ядноўвае, найперш, вера, якая заўсёды з’яўляецца вялікім скарбам і дарам для чалавека. І найважнейшымі адносінамі для кожнага верніка павінны быць тыя, які датычацца Пана Бога. Вера ў Бога і давер Яго Провіду фарміруюць сувязі паміж асобнымі роднымі.

Езус Хрыстус, стаўшы Чалавекам, увайшоў у сям’ю. Такім чынам Ён спазнаў першую школу любові і жыцця. Рашэнне Збаўцы нарадзіцца і жыць у зямной сям’і ўзносіць яе годнасць на вышэйшы ўзровень.

У нас няма амаль ніякай інфармацыі, як выглядала жыццё Святой Сям’і, з якімі цяжкасцямі яна змагалася штодзень. Мы ведаем толькі пра тыя сітуацыі, якія мусілі пераадолець Марыя з Юзафам на самых пачатках прыйсця ў свет Езуса: пошук месца для нараджэння Немаўляці, потым уцёкі ў Егіпет ці трохдзённыя пошукі Сына, калі Ён згубіўся ў ерусалімскай святыні.

Складзеныя для малітвы рукі бацькі ці маці – найцудоўнейшае казанне, якое можна без слоў прамовіць дзецям.

Св. папа Павел VI у прамове, якую сказаў у Назарэце ў 1964 г., назваў тры парады, якія датычаць таго, як павінна выглядаць сямейнае жыццё па ўзоры Святой Сям’і. Гэтае маўчанне, той недахоп інфармацыі аб падрабязнай рэчаіснасці Святой Сям’і і з’яўляецца першай парадай. Езус, Марыя і Юзаф доўгі час вялі звычайнае жыццё, пазбаўленае вядомасці. Другая парада: Святая Сям’я можа стаць для нас таксама ўзорам працы, якая з’яўляецца адной з асноўных задач, дадзеных людзям Богам. І трэцяя парада: Сям’я з Назарэта дае каштоўны ўрок сямейнага жыцця, якое грунтуецца на любові, што напоўнена “суровай і простай прыгажосцю”, а таксама “святым і непарыўным характарам”.

Такое глыбокае жыццё назарэтанскай сям’і не было б магчымым, калі б не супольна вызнаваная вера. Больш за тое, Марыя і Юзаф пастаянна мусілі сутыкаць сваю веру з тым, што Дзіця, якое расло ў іх доме, было адначасова іх Богам.

Кожны хрысціянін павінен быць наступнікам Езуса, таму будзем таксама ў нашых сем’ях наследаваць жыццё Святой Сям’і – Езуса, Марыі і Юзафа.

Паводле “Слова Жыцця”, кс. Юрый Марціновіч

 

Рэдагавана: 27 снежня 2025