Skip to main content

Музыка – гэта мой кісларод

stevepb piano 1655558 1920Мы верым, што таленты з’яўляюцца падарункамі Бога. Ведаем, што іх развіццё не адбываецца міжвольна, а патрабуе намаганняў. І каб яны прыносілі плён самому чалавеку і іншым людзям, патрэбныя сіла характару, шчырасць з самім сабой і адданасць справе. “Кожнаму, хто мае, будзе дадзена і памножыцца...” (Мц 25, 29).

Настассі Гуранковай 19 гадоў. Музыка вабіла дзяўчыну з дзяцінства. Навучаючыся ў Гродзенскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школе-інтэрнаце для дзяцей з парушэннямі зроку, дзяўчынка навучылася імправізаваць на фартэпіяна. Сёлета скончыла Гродзенскі дзяржаўны музычны каледж і паступіла ў Расійскую дзяржаўную спецыялізаваную акадэмію мастацтваў.

– Настасся, Вы лічыце сябе таленавітым чалавекам?

– Мне складана пра гэта гаварыць на самой справе. Я страшны самакрытык. Можа, талент у мяне і ёсць… Людзі кажуць, што я таленавітая.

– Якімі музычнымі інструментамі Вы валодаеце?

– На прафесійным узроўні – фартэпіяна, на аматарскім яшчэ гітара і флейта.

– Як музыка ўвайшла ў Ваша жыццё?

– Я адкрыла для сябе свет музыкі яшчэ ў дзіцячым садку, калі ўпершыню дакранулася да фартэпіяна. Пасля гэтага стала марыць аб сваім інструменце. У 5 гадоў мне купілі сінтэзатар, і я пачала яго асвойваць. Спачатку навучылася падбіраць простыя мелодыі на белых клавішах, затым разабралася і з чорнымі.

Са мной ніхто ў прынцыпе не займаўся музыкай – вучылася сама. Сама падбірала, сама іграла. Рукі мне ніхто не ставіў. З нараджэння ў мяне абсалютны слых.

– Якімі былі першыя крокі?

– Я сама паходжу з Іўя. Мама распавядала, што мяне хрысціў кс. Ян Гавэцкі. Ён у многім паспрыяў таму, што я стала выходзіць спяваць.
Памятаю, вельмі хацела спяваць “на людзях” у дзяцінстве. І вось прадставілася такая магчымасць… Першае маё публічнае выступленне было на дні нараджэння кс. Яна. Мне тады было 6 гадоў. Спявала “Настаўнік”, яго любімую песню. Ксёндз нават сінтэзатар мне даў, каб дома парэпеціравала.

– Музычныя здольнасці ў Вас такі выявіліся?

– Калі мы пераехалі ў Гродна, на мяне ўжо звярнулі ўвагу, давалі магчымасць проста пасядзець, памузіцыраваць у актавай зале. У 7 гадоў, калі я пайшла ў школу, ува мне разгледзелі патэнцыял. На праслухоўванне запрасілі Наталлю Аляксандраўну Латышаву. Яна выпускніца Маскоўскай кансерваторыі. Цудоўны педагог, працавала завучам дзіцячай музычнай школы мастацтваў №1, у якой я ў выніку вучылася. Наталля Аляксандраўна пачала са мной займацца, дала мне выдатную базу.

Чатыры гады я навучалася ў музычнай школе. Пасля Наталля Аляксандраўна перадала мяне педагогу музычнага каледжа Вользе Аляксандраўне Ягадніцкай, у якой я два гады займалася ў сектары педпрактыкі. Затым паступіла ў яе клас і 4 гады вучылася ўжо як студэнтка.

– Як думаеце, музыка – гэта Ваша пакліканне?

– Не ведаю, якое маё пакліканне... Ведаю толькі, што без музыкі не змагу. Музыка – гэта маё дыханне, мой кісларод. Пастаянна думаю, нешта кручу – у галаве бесперапынная творчая праца. Я проста дыхаю музыкай!

Быў перыяд, калі мела сумненні ў плане таго, што не змагу быць музыкантам. Без музыкі не змагу, але гэта не маё. І літаральна перад уступнымі экзаменамі, за дзень да выпускнога нават, абылася адна рэч, пасля чаго я зразумела, што “музыка, толькі музыка і больш нічога”.

Калі паступала ў каледж, то вельмі хацела быць менавіта педагогам, навучаць дзяцей музыцы. Праз нейкі час зразумела, што гэта ўсё-такі не маё. Зараз навучаюся на першым курсе ў Расійскай дзяржаўнай спецыялізаванай акадэміі мастацтваў у Маскве на спецыяльнасці “мастацтва канцэртнага выканання”, інструмент – фартэпіяна.

– Ці перакрыжоўвалася Ваша музычная дзейнасць неяк з Касцёлам?

– Так, і не раз. У Іўі я іграла на сінтэзатары, на аргане нават некалькі разоў давялося паіграць. У Гродне ў капліцы на Альшанцы іграла некалькі разоў, у асноўным на дзіцячых Імшах. Самы апошні эпізод… Замяняла каля месяца с. Алену, арганістку, якой трэба было выехаць, у гродзенскім касцёле ў мікрараёне Баранавічы.

– Як бы Вы ахарактарызавалі сваю веру, прысутнасць Бога ва ўласным жыцці?

– Усё жыццё я жыла ў веры, гадавалася, расла. Са мной вучылі малітвы, чыталі дзіцячую Біблію. Але, як гаворыць бабуля, я “саляторыла” часта. Была такая добрая, паслухмяная дзяўчынка, але веры не было ўва мне. Дакладней, нейкая глыбіня ў ёй адсутнічала.

Калі мне было 15, я творча закахалася ў Святлану Сцепчанка, савецкую музыканта і актрысу агучкі, сачыла за яе творчасцю. Святлана Барысаўна грала на альце, з групай давала спектаклі. Яшчэ яна вяла перадачу на праваслаўным канале “Радасць мая” і спявала ў хоры ў царкве. І вось я – не ведаю, неяк само сабой, як перакоўка ўва мне адбылася, – зразумела, што “а з Богам-та добра жыць, з Богам нашмат лепш жыць”.

Пасля быў адкат невялікі. Спачатку я малілася, а потым перастала. Гэта таксама не вельмі добра на мяне паўплывала. Потым “вярнулася” – кс. Ян дапамог. Яшчэ адна творчая, скажам так, любоў здарылася... Пасля гэтага я яшчэ бліжэй стала да Бога. Цяпер ужо ясна адчуваю Яго прысутнасць у сваім жыцці.

Зараз стараюся маліцца штодзённа, а калі не атрымліваецца, то рабіць знак крыжа – “ані дня без крыжа”. І ўсё, што звязана з Богам, для мяне сёння вельмі важна.

gurenkova

– Былі моманты, якія можна назваць лёсавызначальнымі?

– У сакавіку 2025 года я ездзіла на міжнародны конкурс ім. Святаслава Рыхтэра, дзе ўзяла першае месца ў сваёй катэгорыі. Вярнулася як выціснуты лімон. Мне далі час адпачыць, каб нават не дакранацца да інструмента. І наступныя два месяцы я сапраўды дакранацца да яго не магла. Мне было так цяжка... І ўставаць цяжка, і займацца, і рабіць нешта, і пісаць. Я была спустошана. Не разумела, як мне далей жыць, што рабіць.

У красавіку пачала чытаць Біблію. У пэўны момант нават з’явіліся думкі стаць манахіняй. Але я таксама не магла пакінуць музыку! Мне было цяжка, не разумела, што рабіць, як быць… У выніку тая самая Святлана Сцепчанка мяне і наставіла. Мы ж з ёю пазнаёміліся ў выніку, падтрымліваем кантакт і сёння. Вельмі ганаруся тым, што ведаю яе асабіста.

Калі адважылася патэлефанаваць Святлане Барысаўне, яна сказала: “Не трэба. Займайся музыкай. Праз музыку Бога праслаўляць будзеш”. Пасля гэтага я для сябе ўсё зразумела. Свайму педагогу Вользе Аляксандраўне сказала, што буду рыхтавацца “да Масквы”. Пачала актыўна займацца, здала ўступныя экзамены і ў выніку паступіла.

– Чаму менавіта Масква?

– Чатыры гады я навучалася ў музычным каледжы з відушчымі. Але са мной элементарна не ведалі, як працаваць: з ліста чытаць ці неяк інакш... Таму ў многім я не магла працаваць нароўні з іншымі. Навучалася добра, але не паўнавартасна. А мне хацелася нейкай паўнавартаснай працы, каб мяне маглі добра праверыць. Пра ноты па шрыфце Брайля нават гаворкі не было: усё роўна ніхто не праверыць. Хоць каледж скончыла з чырвоным дыпломам…

А тут, у спецыялізаванай акадэміі мастацтваў, у мяне ёсць матэрыялы. Гэта значыць, я магу вучыць тэксты, калі ноты па Брайлю. Тут шмат мастацкай літаратуры брайлеўскай.

Мая цяперашняя педагог па фартэпіяна ў акадэміі Юлія Паўлаўна Антонава лічыць, што самы правільны спосаб вывучэння матэрыялу – ноты па Брайлю. І я таксама так лічыла, заўсёды спрабавала ўсяляк забяспечыць сябе гэтым матэрыялам, але не заўсёды атрымлівалася. Цяпер у мяне такая магчымасць ёсць. Гэтыя матэрыялы не трэба шукаць, даставаць, таму што яны тут ёсць.

– Штосьці яшчэ захапляе Вас так, як музыка?

– Апрача музыкі я захапляюся літаратурнай творчасцю. Пішу невялікія замалёўкі “ў стол”. Апошні час актыўна працавала над казкай, нядаўна скончыла. Яна апавядае аб велічы Бога.

– Як даўно пішаце тэксты?

– З сямі гадоў. Я пачала пісаць, прама актыўна нешта запісваць, у 12. І музыку пісала. Зараз нічога не пішу, ужо крыху больш за паўгода. Творчая паўза.

– Апошняе, над чым працавалі?

– У мяне дзве такія самыя важныя работы, над якімі я працавала і працую. Гэта нешта накшталт фэнтэзі, вельмі аб’ёмнае, што стварала каля васьмі гадоў (сёння не магу ўзгадваць пра гэты твор без тугі і нервовага смеху, як усё там нелагічна і плоска), і невялікі аповед. Ён паўфантастычны і паўбіяграфічны. Называецца “Змучаная цемрай”. Калі пісала, перажывала духоўны крызіс. Гэта была мая споведзь, штосьці такое. Выплеск эмоцый, пасля якога мне стала яшчэ горш… Праз паўгода з’явіўся працяг. Яшчэ дакручваю, дапрацоўваю.

– Калі музыка як дыханне, то якое месца літаратура займае ў Вашым жыцці?

– Літаратура складае вельмі важную частку майго жыцця. Скажам, калі музыка – у верхніх дыхальных шляхах, то літаратура – у ніжніх.

– Як сёння ацэньваеце свой выбар – тое, што звязалі жыццё з музыкай?

– Мне падаецца, я ніколі больш ужо не буду ў гэтым сумнявацца.

Паводле “Слова Жыцця”, Кацярына Паўлоўская

 

Рэдагавана: 24 лістапада 2026