Чаму Вялікдзень - «сэрца» літургічнага года, і як ён звязаны з Эўхарыстыяй?

Чаму Вялікдзень - «сэрца» літургічнага года, і як ён звязаны з Эўхарыстыяй?
Адказвае кс. Аляксандр Мацкевіч
Перажываючы гадавы цыкл літургіі, Касцёл святкуе Таямніцу збаўлення, здзейсненую Сынам Божым, Езусам Хрыстом. Такім чынам, на працягу года вернікі маюць магчымасць перажыць і адсвяткаваць усе збаўчыя справы, здзейсненыя Хрыстом, значыць адкрыць для сябе ўсе аспекты Яго збаўчай місіі. Таму літургічны год пачынаецца перыядам Адвэнту, калі мы перажываем час чакання Месіі – святую гісторыю да Нараджэння Хрыста. Потым, на працягу літургічнага года, мы ўспамінаем розныя падзеі публічнай дзейнасці Езуса Хрыста, уключаючы Яго Пасху, значыць “пераход” ад Мукі і Смерці да Уваскрасення, і пасляпасхальныя падзеі, такія, як Унебаўшэсце Хрыста і Пяцідзясятніца (Спасланне Святога Духа на апосталаў). На апошнім тыдні Звычайнага перыяду – гэты тыдзень завяршае літургічны год, – літургія звяртае нашу ўвагу на эсхаталагічную праблематыку, значыць кажа нам пра паўторнае прыйсце Хрыста, канец свету і Апошні суд.
Як Вы правільна заўважылі, Пасха з’яўляецца “сэрцам” літургічнага года, бо яна – самая важная падзея ўсёй “эканоміі збаўлення”, значыць усёй гісторыі чалавецтва ад стварэння свету да яго канца. Менавіта ў таямніцы Пасхі раз і назаўсёды здзейснілася наша збаўленне. Наша штодзённае жыццё – гэта жыццё паміж Пасхай Хрыста, якая здзейснілася, і чаканай “вечнай Пасхай”, калі скончыцца гэты свет і калі збаўленне, прынесенае Хрыстом, паўстане ва ўсёй сваёй відавочнасці і паўнаце. Таму свята Пасхі – самае галоўнае свята для кожнага хрысціяніна.
У дадатак да вышэйсказанага хацеў бы яшчэ падкрэсліць, што літургія, у яе самым глыбокім, тэалагічным разуменні, з’яўляецца чымсьці нашмат больш значным, чым проста ўспамінам і святкаваннем мінулых падзей. У літургіі тое, што мы святкуем, становіцца актуальнай рэальнасцю, значыць як бы нанова адбываецца, і мы не столькі адчуваем сябе гледачамі, колькі робімся ўдзельнікамі падзей, якія ўзгадваюцца.
Згодна з апостальскай традыцыяй, значыць ужо з часоў першабытнага Касцёла, тыя, хто верыць у Хрыста, святкуюць не толькі Пасху раз у год, але і кожную нядзелю як штотыднёвы ўспамін Пасхі. Захаваліся старажытныя сведчанні аб тым, што гэты дзень называлі “першым днём тыдня”, “успамінам першага дня стварэння свету”, а таксама “восьмым днём”, “днём новага стварэння”, калі Хрыстус пасля вялікага суботняга “адпачынку” ў магіле ўстаў, каб распачаць дзень, “які не будзе мець канца”, стварыць новы дзень, які “не будзе ведаць захаду”. Святы Геранім (IV-V стст.) у адной з гамілій казаў: “Дзень Панскі, дзень Уваскрасення, дзень хрысціян, з’яўляецца нашым днём. Яго называюць днём Панскім, таму што менавіта ў гэты дзень Хрыстус Пераможца перайшоў да Айца. Калі язычнікі называюць яго днём сонца, то мы ахвотна з гэтым згаджаемся, таму што сёння заззяла святло свету, сёння з’явілася сонца праведнасці, ззянне якога прыносіць збаўленне”.
Штотыднёвае і штогадовае святкаванне Уваскрасення Хрыста ў літургіі непарыўна і натуральна звязана з Эўхарыстыяй, значыць святкаваннем Вячэры Пана. Ужо пачынаючы з апостальскіх часоў хрысціяне збіраліся па нядзелях на Эўхарыстыі, каб слухаць Божае слова і, успамінаючы Муку, Смерць і Уваскрасенне Сына Божага, дзякаваць Пану Богу за дар збаўлення ў Хрысце.
Калі прыняць пад увагу сакрамэнтальны характар Эўхарыстыі, стане зразумелым, чаму яна не толькі цесна звязана з Пасхай, але і з’яўляецца – калі можна так сказаць – “самым лепшым” ці “самым дасканалым” спосабам святкавання Пасхальнай таямніцы. Бо ў сакрамэнце мы не толькі ўзгадваем падзею – яна становіцца рэальнасцю, сапраўднасцю (у тым сэнсе, што “дзейнічае” менавіта тут і цяпер). Таму ў Эўхарыстыі Пасха Хрыста не толькі ўспамінаецца, але і “адбываецца” ў тэалагічным сэнсе.
Пры гэтым трэба памятаць, што з тэалагічнага пункту гледжання Мука, Смерць і Уваскрасенне Хрыста – не тры асобныя падзеі, а адно цэлае дзеянне, адзіная Пасхальная таямніца. Таму ў Эўхарыстыі мы святкуем, значыць перажываем нанова, ці ўдзельнічаем – у літургічным, тэалагічным і містычным (духоўным) сэнсе – ва ўсёй Пасхальнай таямніцы, значыць у “пераходзе” Хрыста ад Мукі праз Смерць да Уваскрасення і хвалы.
Аб гэтым гаворыцца таксама ў самім парадку святой Імшы: на словы святара: “Гэта вялікая таямніца веры” ўсе ўдзельнікі Імшы адказваюць: “Абвяшчаем смерць Тваю, Пане Езу, вызнаём Тваё ўваскрасенне і чакаем Твайго прыйсця”.
Больш падрабязную інфармацыю аб вышэйсказаным Вы можаце знайсці ў наступных крыніцах:
Другі Ватыканскі Сабор, Канстытуцыя аб літургіі Sacrosanctum Concilium
Катэхізіс Каталіцкага Касцёла
Ян Павел II, Апостальскае пасланне Dies Domini
З малітвай, кс. Аляксандр
