Skip to main content

Распазнаць Бога

mRFk9kpTURBXy81NzYwYTkyODE2MTk4OTEyZDIyNzYwOTUxZTA4MDczNC5qcGeSlQMAH80D6M0CMpUCzQOsAMLD3gADoTAFoTEBoTPD

Жывём у часы, калі многія рэчы адцягваюць нашу ўвагу ад таго, што трэба зрабіць, чаму навучыцца і што спазнаць. Шматлікія абавязкі і сустрэчы, а таксама разнастайная інфармацыя, з якой складана выбраць штосьці вартае, бязлітасна паглынае наш час. Не заўсёды гэта дазваляе дасягнуць важнага і істотнага, таго, што варта выбіраць для ўласнага дабра. І вельмі часта чалавек у спешцы губляецца…

Свята Ахвяравання Пана адзначаецца ў Касцёле 2 лютага.

Свята Ахвяравання Пана – успамін аб тым, як маленькага Пана Езуса прынеслі ў святыню. Мы чуем, што прайшоў час ачышчэння паводле закону Майсея, які ў выпадку хлопчыкаў складаў сорак дзён (параўн. Лк 2, 22). Бацькі, таксама згодна з прадпісаннямі закону, прыносяць у ахвяру за Сына пару туркавак або двух галубіных птушанят (параўн. Лк 2, 24). Гэта вельмі сціплае ахвяраванне, што сведчыць пра беднасць Марыі і Юзафа. Адзінае іх багацце – Сын.

У ерусалімскай святыні знаходзіцца старац Сімяон. Ён распазнае ў гэтым Дзіцяці абяцанага Месію, што прынясе збаўленне не толькі Ізраэлю, але і ўсім людзям і народам. Езус з’яўляецца сапраўдным Святлом, якое разганяе цемру, таму, згодна з традыцыяй, у гэты дзень у касцёлах здзяйсняецца бласлаўленне грамнічнай свечкі. Яна на ўзор адзінага Святла ўказвае шлях і з’яўляецца знакам бяспекі, найперш духоўнай і вечнай, якую можа даць толькі Бог.

Сімяон быў чалавекам чуйным, бо ўсё жыццё чакаў суцяшэння Ізраэля. Убачыўшы і распазнаўшы чаканага Божага Сына, ён можа не толькі “адысці ў спакоі”, але і абвясціць іншым гэтую радасную навіну (параўн. Лк 2, 28–32). Падобна было і з прарочыцай Ганнай, якая, сустрэўшы Езуса і Яго бацькоў, праслаўляе Бога і абвяшчае вялікі цуд. Яна становіцца прыладай надзеі для іншых (параўн. Лк 2, 36–38).

Грамніца прыгадвае нам, што павінны быць святлом для тых, хто шукае Бога.

Увага Сімяона і Ганны была засяроджана на найважнейшым. Дзякуючы гэтаму яны ў належную хвіліну распазналі Бога, які прыходзіць, Валадарства Нябеснае, якое набліжаецца, і міласэрнасць, якая перамяняе ўсё. Яны ўдзельнічалі ў адкупленні Езуса, бо проста Яго не прапусцілі – сустрэлі Збаўцу!
Свята Ахвяравання Пана павінна стаць для кожнага хвілінай, каб задумацца над жыццём, задаць сабе пытанні: ці шукаю я нагоды, каб сустрэць Хрыста? Колькі часу я прысвячаю Божаму слову? Што мне перашкаджае на малітве? Як я выкарыстоўваю час, які мне дае Пан Бог?

Дазволім жа весці сябе Святому Духу, які асвячае. Няхай ніякія рэчы і справы гэтага свету не завалодаюць намі. Няхай сэрца, сумленне і воля заўсёды дапамагаюць распазнаваць Бога і ісці за Адкупіцелем.

Кс. Юрый Марціновіч

Рэдагавана: 25 студзеня 2026