Галоўная Koło misyjne

Дзень місіі

Сведчанне на Дыяцэзіяльны дзень місіі 17.10.2010г.

Пахвалёны Езус Хрыстус! Дарагія Браты і Сёстры ў Хрысце Пану!
Сёння мы перажываем 29 Нядзелю Звычайную. Гэта таксама ў нашай дыяцэзіі Місійны дзень. Чым з’яўляюцца місіі і місіянерская праца? Гэта ў першую чаргу ажыццяўленне найважнейшага задання Касцёла – апостальства. Сам Езус перад Унебаўшэсцем сказаў сваім вучням: “Ідзіце тады і навучайце ўсе народы, хрысцячы іх у імя Айца, Сына і Святога Духа” (Мц 28,19). У гэтым наказе Хрыстус Пан выразіў сутнасць заснаванага Ім Касцёла. З таго часу яго вучні, таксама кожны з нас, павінны абвяшчаць Добрую Навіну словам і прыкладам свайго жыцця. Вось чаму папа Ян Павел II піша ў місіянерскай энцыкліцы Redemptoris Missio: “Касцёл з’яўляецца місійным паводле сваёй натуры, таму што наказ Хрыста не з’яўляецца чымсьці выпадковым ці знешнім, але дасягае самога сэрца Касцёла. Адсюль вынікае, што ўвесь Касцёл і кожны Касцёл пасылаецца да народаў” (RM 62).

Заданне Хрыста ажыццяўляе сёння ва ўсім свеце вялікае мноства місіянераў сярод духавенства і вернікаў. Папа Бэнэдыкт XVI у сваім Місійным пасланні на бягучы год цытуе ўрывак з Евангелля паводле св. Лукі, дзе некаторыя грэкі, якія прыбылі ў Ерузалем, просяць Філіпа Апостала: “Мы хочам бачыць Езуса” (пар. Ян 12,21). “Падобна да таго, як грэцкія паломнікі дзве тысячы гадоў таму, людзі ў наш час, хоць і не заўсёды свядома, просяць вернікаў не толькі аб тым, каб “гаварылі” аб Езусе, але каб “паказалі” Езуса, паказалі яснеючае Аблічча Збавіцеля ў кожным кутку зямлі пакаленням новага тысячагоддзя ", – піша Святы Айцец. Гэтыя вернікі – гэта місіянеры на ўсіх кантынентах, якія не толькі прапаведуюць вестку пра збаўленне, але сваім прыкладам спрабуюць паказаць Таго, Хто з’яўляецца Дарогай, Праўдай і Жыццём. Яны, як Апосталы, паказваюць шлях да збаўлення для тых, хто не ведае Хрыста і Яго Евангелля, а таксама суправаджаюць ўсіх тых, чыя вера слаба ўгрунтавана на Езусе Хрысце. Яны – вельмі мужныя людзі, таму што кожны год падчас абвяшчэння Евангелля аддаюць сваё жыццё дзесяткі місіянераў. Акрамя таго, хрысціяне ў шасцідзесяці краінах свету церпяць праследаванне. Апошнія дадзеныя гавораць аб 170000 паслядоўнікаў Хрыста, якія аддаюць сваё жыццё за веру кожны год. Таму місійная рэальнасць для пасланых нялёгкая. Але плённасць евангелізацыі заўсёды абапіралася на сведчанні крыві і жыцця сведкаў. Можа быць, праследаванне і мучаніцтва хрысціян у Судане, Конга, Угандзе, арабскіх краінах, Кітаі, Індыі, В'етнаме, Інданезіі і многіх іншых краінах Афрыкі, Азіі і Амерыкі з'яўляецца знакам таго, што Хрыстус хоча прабываць сярод тых народаў, з якімі працуюць місіянеры.


Выконваючы такую важную місію абвяшчэння Хрыста, сённяшнія місіянеры маюць вострую патрэбу ў малітве і матэрыяльнай падтрымцы ўсяго Паўсюднага Касцёла. Таму клерыкі нашай семінарыі 18 кастрычніка 2009 года, калі ў перадапошнюю нядзелю месяца прыпаў Сусветны дзень місіі, заснавалі у сваёй Alma Mater Клерыцкі Місіянерскі Гурток. Мэтай гэтага Гуртка з'яўляецца падтрымка місійнай працы праз малітву і матэрыяльную дапамогу. Кожную пятніцу месяца мы молімся за распаўсюджвальнікаў веры і за людзей у місійных краінах, абыходзячы Крыжовы Шлях. Адпуст з гэтага набажэнства мы ахвяруем за памерлых місіянераў. Таксама мы прыватна молімся ў Папскай місійнай інтэнцыі. Двойчы ў месяц мы робім сустрэчы, на якіх мы пазнаем місійную сітуацыю Касцёла ў кожнай краіне і абмяркоўваем актуальныя праблемы місійнай дзейнасці. Менавіта на гэтых сустрэчах з’яўляюцца новыя цікавыя ідэі для дапамогі місіям.


Касцёл не перастае быць місійнай рэальнасцю, таму што сам Хрыстус паслаў сваіх вучняў прапаведаваць Евангелле ўсім народам. Сёння наш Пан заклікае кожнага з нас прыняць удзел у дапамозе місіям. Без малітвы і матэрыяльнай падтрымкі пасланнікі Хрыста не змогуць выконваць заданне, ускладзенае на іх. Па словах заснавальніка Папскага Місіянерскага Саюза бл. Паўла Манны: “Быць католікам і не цікавіцца распаўсюджваннем веры – гэта значыць не разумець Евангелля”. Таму сёння, у Місійную нядзелю, мы заклікаем кожнага з вас, дарагія Браты і Сёстры: будзьце успрымальнымі на праблемы Паўсюднага Касцёла! Не будзьце зачыненыя толькі ў межах вашага дому, парафіі або дыяцэзіі! Місіянерам патрэбна ваша дапамога. Падтрымайце іх у сваіх малітвах. Маліцеся таксама аб новых святарскіх, законных і місійных пакліканнях, таму што большасць аніматараў місіі з'яўляюцца святарамі і законнікамі. Помніце, што падтрымліваючы місіянераў, вы здабываеце заслугі для вечнага жыцця. Таму падтрымайма місіі разам!