Віталій Гурэц, алюмн IV курса Гродзенскай ВДС
Паходзіць з парафіі св. Вацлава ў Ваўкавыску
Я лічу, што ўсе цяжкасці і цярпенні семінарыст павінен перажываць з Езусам. З любоўю прымаць свой крыж і адважна крочыць за голасам Збаўцы.
Асабіста для мяне пакліканне з’яўляецца бязмежнай любоўю міласэрнага Бога, аказанай мне як маладому хлопцу, які шукаў свой жыццёвы шлях. “Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў” (Ян 15, 16). Я распазнаваў сваё пакліканне падчас рэкалекцый, што рэгулярна праводзіць Гродзенская вышэйшая духоўная семінарыя, праз размовы са святарамі, манаскімі сёстрамі і свецкімі асобамі, якіх Божы Провід паставіў на дарозе майго жыцця і якія паказалі жывую і глыбокую веру. Я шмат разважаў над гэтым на малітве. Жаданне пераймаць Хрыста разгаралася ўва мне з большай сілай дзякуючы цудоўнаму прыкладу пробашча маёй роднай парафіі кс. прэлата Антонія Філіпчыка.
Вельмі ўдзячны за аказаную падтрымку на выбраным шляху бацькам, блізкім, парафіі. Няхай Бог усім вам аддзячыць!
Я шчаслівы, што ў семінарыі, магу глыбей пазнаць Пана Бога, вучэнне Касцёла, проста ўбіраць у сябе пануючую ў ёй атмасферу. Самае важнае – каб я не змарнаваў гэты час і ўмеў плённа выкарыстоўваць здабытыя веды і досвед.
Прабыванне ў семінарыі вучыць мяне таксама знаходзіць кампраміс. Тут сабраліся розныя маладыя людзі, з рознымі звычкамі. Сумесныя заняткі аб’ядноўваюць нас, выхоўваюць цярплівасць, разуменне, згоду.
Перад кожным важным дзеяннем у сваім жыцці альбо проста перад выхадам на шпацыр я захожу ў капліцу і прамаўляю такую малітву: “Бог Айцец, Бог Сын, Бог Святы Дух, запрашаю Цябе, ідзі разам са мной”. Пасля вяртання ці завяршэння пэўнай справы адгаворваю “Хвала Айцу”. Лічу, што жыццё неабходна з даверам ахвяраваць Святой Тройцы.
Падчас кожнай ранішняй малітвы я таксама прагаворваю пра сябе: “О Езу ціхі і пакорны сэрцам, учыні маё сэрца да Твайго падобным”. Пакора! Вучуся станавіцца перад сабой у праўдзе, не баяцца глядзець на сябе з боку і заўважаць нейкія недахопы. Заўсёды ёсць над чым папрацаваць.
Розныя пакліканневыя акцыі паказваюць, што людзям патрэбны добрыя і святыя святары. Сёння свет мае вострую неабходнасць у Божых і аданых сваёй паслузе душпастырах. Мяне вельмі цешыць усведамленне, што стану тым, хто неабходны Касцёлу, неабходны вернікам.
Сёння маладыя людзі спрабуюць розныя рэчы, эксперыментуюць і лічаць, што адважныя. Аднак яны баяцца рызыкнуць у духоўным жыцці. Таму гэтая адвага толькі ўяўная...
Сябра! Калі Табе спадарожнічаюць няўпэўненасць і сумненні, але разам з тым чуеш у сэрцы голас, адчуваеш унутраны кліч, заахвочваю Цябе прыняць адважнае, мужнае рашэнне прыйсці ў семінарыю. Гэта месца, дзе можна ўбачыць шлях, які для нас падрыхтаваў Пан.
< Poprzednia | Następna > |
---|