У Гродне адбылася сустрэча семінарыстаў з усёй Беларусі

27-28 красавіка сцены Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне гасцілі семінарыстаў і выхавацеляў Пінскай семінарыі і I-га курса з Мінска падчас агульнабеларускай сутрэчы семінарыстаў.

 

Інтэграцыйная сутрэча распачалася супольнай малітвай і абедам, падчас якога рэктар Гродзенскай семінарыі кс. Віталь Вайцяхоўскі прывітаў усіх гасцей і заахвоціў да плённага перажывання гэтага мерапрыемства. Пасля абеду семінарысты мелі крыху вольнага часу, а пасля ўдзельнікі сустрэчы накіраваліся ў спартыўную залу, дзе адбыліся футбольныя матчы паміж семінарыстамі і выхавацелямі. Спартыўныя спаборніцтвы спрыялі будаванню добрых адносін і пазнаванню адзін аднаго.

Ад фізічных практыкаванняў семінарысты перайшлі да духоўных. У гэты жа дзень у гродзенскай катэдры адбыўся канцэрт хора з Базэльскай катэдры, які ахваотна наведалі будучыя святары. Важным пунктам дня стала Эўхарыстычная Адарацыя – асабістая сустрэча з Езусам Хрыстом – крыніцай усялякай моцы кожнага святара. Вечарам у плане была братэрская сутрэча пры вогнішчы.

Другі дзень сустрэчы распачаўся ўрачыстай Ютраняй у семінарыйнай капліцы. У першай палове дня семінарысты мелі магчымасць пашпацыраваць па горадзе, а таксама даведацца шмат цікавых фактаў аб Гродне падчас экскурсіі. Галоўным пунктам сустрэчы стала св. Імша ў паолове дня, якую ўзначаліў рэктар Пінскай семінарыі кс. Андрэй Рылка.

Мерапрыемствы такога роду спрыяюць блізкаму знаёмству  паміж семінарыстамі, а таксама прыносяць добрыя плёны ў будучым супрацоўніцтве святароў. Сутрэча, якая сабрала ўсіх семінарыстыў духоўных семінарый Беларусі ў гісторыі ўжо не першая. Апошні раз такая паддзея адбылася ў 2016 годзе. Тады гаспадром сустрэчы была Пінская семінарыя.