Дзень засяроджання

8 чэрвеня навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне перажывалі апошні дзень засяроджання ў бягучым навучальным годзе. Час, калі кожны семінарыст робіць для сябе “рахунак сумлення” адносна таго, як выкарыстаў дадзены Богам час на здабыванне ведаў і іншых духоўных каштоўнасцей.

Невыпадкова сёлетнія духоўныя практыкаванні супалі са святам Езуса Хрыста, Найвышэйшага і Вечнага Святара. Разважаючы над Пасланнем да Габрэяў падчас Літургіі, семінарысты спрабавалі адказаць сабе на пытанне: “Ці сапраўды Хрыстос з’яўляецца для іх узорам святарства, да якога кожны з іх імкнецца?”

Аднавіць свае адносіны з Хрыстом, глыбей пазнаць саміх сябе, паглядзець на сваё жыццё з адлегласці навучэнцам дапамагаў кс. Віталій Дабраловіч. Падчас духоўных практыванняў рэкалекцыяніст паступова ўводзіў будучых святароў у Таямніцу Святой Тройцы, спазнанне якой будзе адбывацца толькі праз цеснае супрацоўніцтва з Божай Ласкай.

Семінарыйная супольнасць ад усяго сэрца ўдзячна кс. Віталію за тое, што знайшоў час, каб падзяліцца ўласным досведам перажывання блізкасці Пана ў штодзённым жыцці і аднавіць у семінарыстаў смак сапраўднага святарскага служэння.