Дзень засяроджання

“Браць свой крыж і не ўскладаць крыжа на плечы свайго брата!”

10 кастрычніка ў Гродзенскай духоўнай семінарыі адбыўся дзень засяроджання. Распачаліся духоўныя практыкі яшчэ вечарам 9 кастрычніка гімнам да Духа Св. і  Камплетай. Духоўным кіраўніком дня засяроджання стаў пробашч парафіі МБ Будслаўскай у Мінску кс. Францішак Рудзь.


Падчас уводнай канферэнцыі святар акрэсліў першую тэму разважанняў – “Крыж як знак любові Бога да мяне”. З вуст святара выйшла цікавая думка:

“Каго Бог любіць, таму пасылае крыж. Кожнаму свой. І варта браць свой крыж і не ўускладаць крыжа на плечы свайго брата”.

Новы дзень семінарысты распачалі Ютранняй з ранішнім разважаннем; крыжу пазней адбылася малітва на працягу дня, пасля якой духоўнік звярнуўся да будучых святароў з канферэнцыяй, распавядаючы пра пакліканне па прыкладу супольнасці дваннаццаці апосталаў і Езуса; а таксама звярнуў увагу на значнасць малітвы як галоўнага сродка будавання добрых адносін з Богам. Перад абедам семінарысты памаліліся Ружанцам і пад кіраўніцтвам кс. Францішка разважалі кожную таямніцу зямнога жыцця Езуса.

У другой палове дня адбылася адарацыя Найсв. Сакраманту. У часе адарацыі семінарысты мелі магчымасць скарыстацца з сакраманту паяднання.

Галоўным і апошнім пунктам дня засяроджання стала св. Імша, якую ўзначаліў кс. Францішак. Падчас гаміліі ён растлумачыў сэнс Евангелля, дадзенага Касцёлам у літургіі, і заахвоціў да жыцця паводле Божага Слова. Святар узгадаў свае семінарыйныя гады і падзяліўся вопытам  святарскага жыцця.