Днём засяроджання распачаўся другі семестр навучальнага года ў Гродзенскай семінарыі

Пасля невялікага перапынку паміж сессіяй і вучобай 28 студзеня семінарысты вярнуліся ў сцены роднай семінарыі, каб распачаць другую палову навучальнага года.
У той жа дзень, вечарам, распачаўся дзень засяроджання, які правёў канцлер курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі кс. кан. Дзмітрый Пухальскі, які таксама з новага семестру будзе выкладаць кананічнае права ў Гродзенскай семінарыі. Галоўнай тэмай для разважання стала тэма служэння бліжнім у святарстве.

Засяроджаннасць над Божым словам, цішыня, малітва, Адарацыя Найсв. Сакраманту і споведзь паспрыялі аднаўленню духоўных сіл пасля канікул, сессіі, турботаў і адпачынку. У плане дня  семінарысты таксама мелі малітву на брэвіярыі, Ружанец з разважаннямі і канферэнцыю.

Галоўным пунктам і завяршэннем падзеі стала супольная Эўхарыстыя. Пры дапамозе тэкста Евангелля, які Касцёл прапанаваў у дадзены дзень, семінарысты засяродзіліся над тым, што значыць быць братам і вучнем Хрыста. Узносячы малітвы да Бога, ўся семінарыйная супольнасць падзякавала кс. Дзмітрыю Пухальскаму за праведзены час і павіншавала эканома семінарыі кс. Валерыя Аброшку, які адзначыў свой дзень імянін.